папяросанабіўны́, ‑ая, ‑ое.
Прызначаны для набівання папярос. Папяросанабіўная машына.
папяро́ска, ‑і, ДМ ‑росцы; Р мн. ‑сак; ж.
Разм. Тое, што і папяроса; невялікая тонкая папяроса. Вячэра, зацягваючыся папяроскай, махаў далонню перад тварам, разганяючы дым. Шамякін.
папяро́снік, ‑а, м.
1. Той, хто вырабляе папяросы або гандлюе імі.
2. Невялікая трубка, у якую ўстаўляюцца папяросы, цыгарэты; муштук. Карпусь выпускаў з масянжовага папяросніка.. стружкі сіва-сіняга дыму. Баранавых.
папяро́сніца, ‑ы, ж.
1. Жан. да папяроснік (у 1 знач.).
2. Скрынка для папярос.
папяро́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да папяросы, папярос. Папяросны дым. Папяросны акурак.
2. Прызначаны для папярос, для вырабу папярос. Папяросны пачак. Папяросны цэх.
папяро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
1. Сорт летняй яблыні, на якой растуць белыя або жоўтыя кісла-салодкія яблыкі.
2. Плод гэтай яблыні. За хатамі спеюць улетку антонаўкі, папяроўкі і слуцкія бэры. Чорны.
папяро́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Брус, жэрдка, планка і пад., замацаваныя ўпоперак чаго‑н. або паміж чым‑н. Засталіся толькі два слупы. Вартаўнік прыбіў да іх папярочкі, і цяпер даяркі сушаць там ручнікі, цадзілкі, вёдры і бітоны... Нядзведскі. Коні стаялі прывязаныя да вазоў або да знарок змайстраваных жардзяных папярочак. Якімовіч.
папяро́чнік, ‑а, м.
Памер у шырыню, дыяметр. [Егер] бярэцца за свой стальны метр і, прыклаўшы яго да зрэзу, абвяшчае: — Дваццаць тры сантыметры ў папярочніку!.. В. Вольскі.
папяро́чны, ‑ая, ‑ае.
Які праходзіць, размяшчаецца ўпоперак чаго‑н.; проціл. падоўжны. Узышоўшы на другі паверх, наведвальнікі траплялі ў папярочны шырокі калідор, дзе размяшчалася гардэробная. Машара. З году ў год ствол дрэва таўсцее, на ім як бы нарастаюць чахлы. Гэтыя чахлы ў выглядзе кольцаў добра відаць на папярочным зрэзе бервяна. Штыхаў.
папярхну́цца, ‑пярхнуся, ‑пярхнешся, ‑пярхнецца; ‑пярхнёмся, ‑перхняцеся; зак.
На момант задыхнуцца пры пападанні ў дыхальнае горла чаго‑н. (часцінак ежы, вады і пад.). Жанчына зухавата выпіла і папярхнулася. Асіпенка. Верка кашляе — папярхнулася малаком. Жычка. // перан. Змоўкнуць на паўслове ад збянтэжанасці, замяшання і пад. — Куды мне! Удар мой — што твой аўтамат: грукату многа, а вынік... Валянцін Адамавіч папярхнуўся на паўслове. Шамякін. — Дазвольце... — нешта хацеў .. [старшыня] сказаць і папярхнуўся. Лынькоў.