папэ́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Забрудзіць, замазаць; запэцкаць. Папэцкаць рукі.
папяле́ць, ‑ее; незак.
1. Разм. Ператварацца ў попел. Сам горад папялеў у агні. Баранавых.
2. Набываць колер попелу. Ужо і зоры ночы позняга лета папялець сталі. Чорны.
папялі́сты, ‑ая, ‑ае.
Які мае колер попелу. Сонца пякло без жалю, бясхмарнае неба было папялістым. Хомчанка. Усе з пашанаю глянулі на гэтыя сціплыя, невысокія кусты, якія папялістым колерам сваіх лісточкаў крыху нагадвалі адзін з нашых вербалозаў. Дубоўка.
папялі́шча, ‑а, н.
1. Месца, дзе быў пажар; пажарышча. На папялішчы — груды асмалкаў, вуголле, жалезнае ламачча ад нейкіх машын. М. Ткачоў. Антось стаяў на папялішчы свайго гнязда і думаў, што вайна адабрала ад яго і сям’ю, і родны дом. Чарнышэвіч.
2. перан. Родны дом, ачаг. На чацвёрты [дзень] прыйшло доўгачаканае вызваленне, .. [людзі] вярнуліся на родныя папялішчы. Якімовіч.
папяльні́к, папельніка, м.
Спец. Ніжняя частка топкі, куды падае попел.
пап’яне́ць, ‑ее; ‑еем, ‑ееце, ‑еюць; зак.
Разм. Ап’янець — пра ўсіх, многіх.
пап’я́нстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; зак.
Разм. П’янстваваць некаторы час.
папяро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да паперы (у 1 знач.). Папяровая фабрыка. □ На папяровы камбінат Вязуць драўніну людзі... Кляўко. // Зроблены з паперы. Папяровыя кветкі.
2. перан. Які не ажыццяўляецца на справе, існуе толькі на паперы. — Паперкі захацелася? — жорстка сказаў Алесь. — Ведаеш, дзе б ты апынуўся са сваёй папяровай воляй? Глядзі... Караткевіч.
папяро́к,
1. прысл. Па шырыні; упоперак; проціл. ўздоўж. [Дзед:] Прайшоў я ўздоўж, папярок Беларусь і Літву. Людзей усякіх бачыць прыйшлося. Танк. Тапчу я на ўсходзе дарогі Уздоўж, нацянькі, папярок. Астрэйка.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «папярок» выражае прасторавыя адносіны: указвае на напрамак, які адпавядае шырыні чаго‑н. [Шаховіч:] — Як гэта магло здарыцца, што машына апынулася папярок дарогі? Мяжэвіч.
•••
Станавіцца папярок горла гл. станавіцца.
Станавіцца папярок дарогі каму гл. станавіцца.
Стаць папярок дарогі каму гл. стаць.
Стаяць папярок горла гл. стаяць.
папяро́са, ‑ы, ж.
Папяровая трубка з тытунём для курэння (пераважна з папяровым муштуком). Закурыць папяросу. Згарнуць папяросу. □ Кібрык выцягнуў пачак папярос і павярнуў галаву да Ганны Сцяпанаўны: — Дазвольце? Шыцік. Канвойнікі спыніліся пад вярбою, зараз жа падаставалі кісеты і пачалі вярцець папяросы. Колас.
[Ням. Papier — папера.]