Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папы́рскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што і без дап. Злёгку апырскаць, пакрыць пырскамі. Папырскаць кветкі вадой. □ Калі Мірон скончыў стрыгчы, я заўважыў, што ён зрабіўся нейкім змрочным. Нават не папырскаў адэкалонам і забыў узяць грошы. Нядзведскі.

2. Пырскаць некаторы час. Дождж папырскаў крыху і сціх.

папы́рскваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чым і без дап.

Пырскаць злёгку, час ад часу. Пакуль на кухні папырсквала смажаніна ды рэзаліся агуркі, Баляслаў не ведаў, што гаварыць. «ЛіМ».

папы́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пырхаць некаторы час.

папы́рхваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Пырхаць паціху, час ад часу. Коні ішлі шпарка і трывожна: часта натапырвалі вушы, папырхвалі. Кулакоўскі.

папыта́нне, ‑я, н.

Разм. Дазвол. Неяк так павялося з першых дзён, што.. кожны мог карыстацца тым, што мелася ў доме без папытання. Якімовіч. Нявестку.. [свякроў] лічыла за сваю ўласнасць і трываць не магла, калі тая хадзіла без яе ведама, без папытання. Мурашка.

папыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Задаць каму‑н. пытанне, каб даведацца пра што‑н. — Калі не памыляюся, Сцяпан Захаравіч Белавус? — няўпэўнена папытаўся я. Гурскі. Вэня.. запрасіў Любу сесці,.. папытаўся, як здароўе, пагаварыў. Чорны.

2. Папрасіць дазволу на што‑н., звярнуцца з якой‑н. просьбай. Камісара да іхняга ганку Мы прынеслі на ранку. Для яго папытаўся вады я, — У нас яна выйшла. Куляшоў.

папыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Звярнуцца да каго‑н. з пытаннем, каб даведацца пра што‑н.; задаць пытанне. — Хазарычы адсюль далёка? — дастаўшы з планшэткі і разгарнуўшы на стале палявую карту, папытаў камендант. Сабаленка. Раптам Пятрок падумаў: «А от вазьму ды папытаю, што .. [Сальвэсь] тут робіць. Папытаю і паеду зараз жа». Чорны.

папы́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пыхкаць некаторы час. Дайшоўшы ж да варот, [Грысь] спыніўся, папыхкаў люлькаю, потым ступіў крок да акна і буркнуў: — Да вечара прыйду. Кулакоўскі.

папы́хкваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Пыхкаць злёгку, час ад часу. Каля прыступак стаяў кандуктар з ліхтаром і глядзеў уперад, дзе спакойна і мірна папыхкваў паравоз. Лобан. Вацлаў Незвал сядзеў на прыступках.. ганка, задуменна папыхкваў люлькай. Васілевіч.

папэ́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Забрудзіцца, замазацца; запэцкацца. Халаг папэцкаўся. □ — Ціха, не папэцкайцеся, — спыніла.. [сыноў] Аляксандра Андрэеўна. Місько.