Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пасягнуць.

пасягну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. на каго-што. Зрабіць замах па каго‑, што‑н., пазбавіць каго‑н. чаго‑н. Пасягнуць на чужое дабро. Пасягнуць на свабоду чалавека. □ — У кожным простым чалавеку [пілсудчыкі] бачылі раба, які ўзбунтаваўся, які пасягнуў на іх правы і ўладу. Машара.

2. што. Зразумець, ахапіць розумам што‑н. Зноў гарыць у ім [хлопчыку] жаданне Тайн[у] нотаў пасягнуць. Колас.

пасяджэ́нне, ‑я, н.

Сход, нарада членаў якога‑н. калектыву, арганізацыі для абмеркавання і вырашэння якіх‑н. пытанняў. Пасяджэнне Вучонага савета. Пасяджэнне таварыскага суда.

пасядзе́лкі, ‑лак; адз. няма.

Абл. Тое, што і пасядзенкі. — Запаліш святло — глядзіш і збярэцца народ на пасядзелкі. Машара.

пасядзе́нкі, ‑нак; адз. няма.

Абл. Наведванне каго‑н. з мэтай прабавіць вольны час у размовах. Хутка пачынаюць сходзіцца на пасядзенкі суседзі. Чорны.

пасядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; ‑сядзім, ‑седзіце; зак.

Сядзець некаторы час. Пасядзець на лаўцы. Пасядзець над задачай. Пасядзець з дзецьмі дома. Пасядзець у астрозе. □ [Бацька] пасядзеў, апусціўшы галаву, потым устаў і пайшоў з хаты. Ляўданскі. [Турсевіч:] — Люблю я, ведаеш, гэтак з прыяцелем за чаем пасядзець!.. Колас. Дзядзька Нічыпар спрабаваў прыпыніць гэты рух гасцей, угаворваў яшчэ крыху пасядзець. Кулакоўскі. — Нам прыйдзецца толькі пасядзець тут тыдзень ці два, пакуль спадзе вада. Маўр. Калі ўсё было гатова, бацька сказаў: — А цяпер, перад дарогай, пасядзім трохі. Даніленка.

пасядла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Разм. Асядлаць усіх, многіх (коней).

пасяду́шкі, ‑шак; адз. няма.

Абл. Тое, што і пасядзенкі. Кастусь звадзіў нават свайго новага знаёмага на пасядушкі з песнямі і на гулянку. Караткевіч.

пасяле́нец, ‑нца, м.

1. Той, хто пасяліўся на новым месцы. Пасяленцы на неабжытых землях.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — сасланы на пасяленне чалавек. [Павел Лукіч:] — Глухія нашы ваколіцы сярод непраходных балот былі .. месцам высылкі для тых, хто ў чым правініўся перад дзяржавай. Пасяленцы абзаводзіліся сем’ямі і заставаліся назаўсёды. В. Вольскі.

пасяле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пасяляць — пасяліць (у 1 знач.) і пасяляцца — пасяліцца (у 1 знач.).

2. Месца аседлага жыцця людзей; населены пункт, сяло. Пад ганаровай вартаю прысад У кожным беларускім пасяленні Стаіць гранёны абеліск гранітны. Жычка. // Месца, дзе жывуць, гнездзяцца ў вялікай колькасці якія‑н. жывёлы, птушкі і інш.

3. У дарэвалюцыйнай Расіі — пакаранне, высылка на жыхарства ў аддаленую мясцовасць.