папро́сту, прысл.
1. Проста, непасрэдна; без цырымоніі. [Ян:] — Я напісаў.. [Аляксандры]. Папросту напісаў, няхай крыўдзіцца, калі хоча. Чарнышэвіч. [Пацяроб:] — А скажы ты мне, золатка, папросту, па-нашаму: што гэта ты сабе думаеш? Зарэцкі.
2. Разм. Не на літаратурнай мове. І тут, у горадзе, .. [сяляне] гавораць папросту, па-вясковаму, па-мужыцку. Арабей.
3. у знач. узмацняльнай часціцы. Проста, аж. Ганарджыя папросту баяўся глянуць у той бок, дзе хадзіў Элія. Самуйлёнак.
папру́га, ‑і, ДМ ‑рузе, ж.
1. Раменны пояс або наогул пояс. На ім кучомка, верх зялёны, Кажух кароценькі, чырвоны. А стан шырокая папруга Сціскае спрытна, лоўка, туга. Колас. Том Блейн паправіў папругу на камбінезоне і асцярожна адчыніў дзверы ў кабінет. Гамолка.
2. Частка збруі для ўмацавання сядла, падсядзёлка на спіне каня. Шэмет злез з сядла, аслабіў папругу і пусціў каня папасвіцца. Лобан. Ашмо[ткі] пены маталіся на конскіх храпах, на сядзельных папругах. Лынькоў.
папру́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Памянш. да папруга; папруга. Вадзік .. зняў са штаноў папружку і аддаў узамен на ножык. Гамолка. Па грэблі ў бок мястэчка ідзе чалавек. На ім просты, не першага веку шынель, падпяразаны папружкай з патранташам. Чарнышэвіч. Лейтэнант падцягнуў папружку. Рукою прыгладзіў валасы на галаве. Мыслівец.
папруцяне́ць, ‑ее; ‑еем, ‑ееце, ‑еюць; зак.
Разм. Апруцянець — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.
папрыбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Прыбіць што‑н. у многіх месцах, прыбіць усё, многае. На сценах дамоў і на дашчатых платах.. [фашысты] папрыбівалі загад, надрукаваны адразу на чатырох мовах. Сачанка.
2. каго. Разм. Вельмі моцна збіць усіх, многіх. — Чаму ў таку [збіраецца моладзь]? — здзівіўся Мілоўскі. — Каб бацькі не ведалі. Там такія хлапцы прыйшлі, што калі б бацькі даведаліся, папрыбівалі б да смерці. Галавач.
3. безас. Прыгнаць сілай вады, ветру ўсё, многае. Папрыбівала лодкі да берага.
папрыбіра́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
1. Прыбрацца, прыгожа адзецца — пра ўсіх, многіх.
2. Тое, што і папрыбіраць (у 2 знач.).
папрыбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго-што. Прыбраць, прыгожа адзець усіх, многіх. // Упрыгожыць, аздобіць усё, многае.
2. Навесці парадак, чысціню ўсюды, у многіх месцах. [Харытоніха] ухадзілася па гаспадарцы, падмяла, папрыбірала. Місько.
3. што. Прыбраць, прыняць адкуль‑н. усё, многае. У снезе .. валяюцца кавалкі жалеза, нейкія адлітыя даўно ўжо дэталі. — Папрыбіраць варта, а то ржавее дарэмна, — праказаў.. [Сідар]. Галавач.
папрыбудо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Прыбудаваць многа чаго‑н., прыбудаваць што‑н. да многіх будынкаў.
папрыбяга́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
Прыбегчы — пра ўсіх, многіх. [Параска:] — У печы выпалю, каб цяплей было. Заўтра дзеці папрыбягаюць. Лобан.
папрывалака́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Разм. Прывалачыся, прыцягнуцца — пра ўсіх, многіх. [Сабастыян:] — Хуценька збірайся, а то папрывалакаюцца вясковыя жанчыны і пазбіраюць усе грыбы. Сабаленка.