Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папуля́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Просты, зразумелы, даступны (па зместу, мове, форме і пад.). Папулярная літаратура. Папулярная музыка.

2. Які карыстаецца сімпатыямі грамадскасці, шырока вядомы. Яго [Каліноўскага] імя было вельмі папулярным сярод мае. Ларчанка. Па той зацікаўленасці, якую праяўлялі палітвязні да Мікодыма Вайцяхоўскага, Максім здагадаўся, што яго новы сусед сярод палітвязняў з’яўляецца папулярнай асобай. Машара. // Распаўсюджаны, шырока вядомы. Папулярная песня. □ Верш [М. Танка] «Спатканне» — адзін з лепшых і найбольш папулярных у свой час узораў грамадзянскай лірыкі паэта давераснёўскай пары. Бугаёў.

[Ад лац. popularis — народны.]

папулярызава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да папулярызаваць.

папулярызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

1. Зрабіць (рабіць) папулярным, даступным што‑н. Папулярызаваць навуковыя вывады.

2. Зрабіць (рабіць) шырока вядомым, распаўсюджаным. Папулярызаваць новы метад. □ Савецкія людзі, дасягнуўшы новага поспеху, імкнуцца папулярызаваць перадавы вопыт, зрабіць яго здабыткам народа. «Беларусь». Слоўнік Вярынды прызначаўся папулярызаваць царкоўнаславянскую мову, занядбаную і незразумелую тагачаснаму насельніцтву Украіны і Беларусі. Шакун.

папулярыза́тар, ‑а, м.

Той, хто папулярызуе што‑н., займаецца папулярызацыяй чаго‑н.

папулярыза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. папулярызаваць.

папуля́цыя, ‑і, ж.

Спец. Сукупнасць асобін аднаго віду жывёл або раслін, якія займаюць пэўную тэрыторыю і ўзнаўляюць сябе на працягу вялікай колькасці пакаленняў.

[Ад лац. populus — насельніцтва.]

папунсаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць, зрабіцца пунсовым. — Каля вас можна сесці? — раптам пачула дзяўчына незнаёмы голас. Яна ўзняла галаву і ад пытлівага позірку вялікіх чорных вачэй папунсавела. Сіняўскі.

папуры́, нескл., н.

Музычны твор з урыўкаў розных агульнавядомых песень, мелодый. Слава Байдакоў выканаў на акардыёне пануры з вядомых песень. Навуменка.

[Фр. pot pourri.]

папуска́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да папусціцца.

папуска́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да папусціць.

папуска́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Пусціць куды‑н. усіх, многіх. Салдаты папускалі коней, не рассядлоўваючы іх. Пестрак.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Даць парасткі. Са стволікаў [кустоў] звісаюць фантастычныя рыжыя бароды танюсенькіх каранёў — папускала лаза ў паводку. Місько.