партма́ксімум, ‑у, м.
Максімальны месячны аклад, які быў да 1934 г. для членаў Камуністычнай партыі Савецкага Саюза — кіруючых работнікаў устаноў і прадпрыемстваў.
партмане́т, ‑а, М ‑неце, м.
Тое, што і партаманет. Відаць, кавалёвы словы кальнулі Вайтовіча, бо ён дастаў партманет і працягнуў кавалю два злотых. Пальчэўскі.
партмі́німум, ‑у, м.
Мінімум палітычных ведаў, якія павінен быў засвоіць кожны член Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. (Назва выйшла з ужытку.)
партнёр, ‑а, м.
Удзельнік якой‑н. гульні, размовы і пад. Твары партнёраў, рэзка змененыя прагавітасцю да грошай, яшчэ больш павялічвалі непрыемнае адчуванне. Колас. Пачутыя навіны так уразілі Клопікава, што ён адразу.. забыўся і на варожую пешку і на свайго партнёра. Лынькоў. // Той, хто разам з кім‑н. прымае ўдзел у тэатральных спектаклях, спартыўных гульнях, танцах і пад. На гэты раз Рыгорка адразу пачуў падказку, радасна ўскінуў галаву і на ўсю залу грымнуў свайму збянтэжанаму партнёру: «Не так!» Краўчанка. Танцавала Зіна лёгка папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік. // Кампаньён у якой‑н. справе. Савецкі Саюз — буйнейшы гандлёвы партнёр Балгарыі. «Звязда».
[Фр. partenaire.]
партнёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да партнёр.
парто́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да порта 1. Усе .. [падлеткі] былі дзеці партовых рабочых, рыбакоў, служачых. Краўчанка. // Які з’яўляецца портам, які мае порт 1. З больш позніх дакументаў вядома, што сярэдневяковы Мінск быў і партовым горадам. «Полымя».
парто́рг, ‑а, м.
Партыйны арганізатар — выбарны кіраўнік партыйнай групы. Парторг маўчаў, і шырокая ўсмешка асвятляла яго твар. Прокша. Парторг паведаміў, колькі камуністаў прысутнічае, прапанаваў вылучыць кандыдатуры для рабочага прэзідыума. Шыцік.
партпле́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Дарожная сумка або чахол для пледа і пасцельных рэчаў.
[Ад фр. porter — насіць і англ. plaid — плед.]
партрэ́т, ‑а, М ‑рэце, м.
1. Малюнак, рысунак, вялікая фатаграфія чалавека або групы людзей. Скульптурны партрэт. □ На адной сцяне віселі партрэты Карла Маркса і Леніна. Колас. Змітрок і Таня разам глянулі на сцяну, дзе побач з партрэтам бацькі з нядаўняга часу вісеў і матчын партрэт. Ваданосаў. // Разм. Пра таго, хто вельмі падобны да каго‑н. — [Дачка] у яго адна была і, акрамя таго, — выліты партрэт нябожчыцы-жонкі. Мележ.
2. Апісанне знешнасці персанажа ў літаратурным творы. Вось як жывога, дзядзьку бачу. Я тут партрэт яго зазначу. Ён невысок, не надта ёмак. Колас. // Характэрныя рысы, агульная характарыстыка каго‑, чаго‑н. Часта з адзінкавых трапных дэталей або асобных персанажаў ствараецца калектыўны партрэт воінскай масы, народа. Дзюбайла.
•••
Кабінетны партрэт — фатаграфія пэўных памераў (18×24); невялікі партрэт.
[Фр. portrait.]
партрэ́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да партрэта. Партрэтнае мастацтва. Партрэтныя замалёўкі. Партрэтны жывапіс.