Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папраша́йка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑шайцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

1. Чалавек, які займаецца жабрацтвам, пабіраецца; жабрак.

2. Той, хто ўвесь час выпрошвае што‑н., дакучае ўсім просьбамі. Усвядоміўшы сваё незайздроснае становішча папрашайкі, Мурлік неўзабаве сам пачаў лавіць рыбу. Рылько.

папраша́йніцтва, ‑а, н.

1. Занятак папрашайкі; папрашайнічанне. Высокі, з доўгай скудлачанай сівай барадою дзед у цёмных акулярах, абвешаны торбамі, другі дзень цягаўся з хлопчыкам-павадыром гадоў дзесяці за абозам і нахабна прыставаў з папрашайніцтвам. Машара.

2. Выпрошванне чаго‑н.

папраша́йнічанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. папрашайнічаць.

папраша́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Займацца жабрацтвам; пабірацца.

2. Прасіць, дакучаць просьбамі.

папраяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Праесці што‑н. у многіх месцах, праесці ўсё, многае. Папраядала ржа жалезны дах. Папраядала моль сукно.

2. Разм. Патраціць, расходаваць на ежу многа чаго‑н.

папро́баваць,

гл. папрабаваць.

папро́к, ‑у, м.

Дакор, незадавальненне, абвінавачанне, выказаныя словамі, позіркам і пад. — Вы, Поля, зноў вяртаецеся да старога! — прамовіў Карніцкі з нейкім папрокам у голасе. Паслядовіч. — Ну, вядома, — чалавек шукае, дзе яму лепей, — тонам лёгкага папроку адказаў Раман. Колас.

папро́сту, прысл.

1. Проста, непасрэдна; без цырымоніі. [Ян:] — Я напісаў.. [Аляксандры]. Папросту напісаў, няхай крыўдзіцца, калі хоча. Чарнышэвіч. [Пацяроб:] — А скажы ты мне, золатка, папросту, па-нашаму: што гэта ты сабе думаеш? Зарэцкі.

2. Разм. Не на літаратурнай мове. І тут, у горадзе, .. [сяляне] гавораць папросту, па-вясковаму, па-мужыцку. Арабей.

3. у знач. узмацняльнай часціцы. Проста, аж. Ганарджыя папросту баяўся глянуць у той бок, дзе хадзіў Элія. Самуйлёнак.

папру́га, ‑і, ДМ ‑рузе, ж.

1. Раменны пояс або наогул пояс. На ім кучомка, верх зялёны, Кажух кароценькі, чырвоны. А стан шырокая папруга Сціскае спрытна, лоўка, туга. Колас. Том Блейн паправіў папругу на камбінезоне і асцярожна адчыніў дзверы ў кабінет. Гамолка.

2. Частка збруі для ўмацавання сядла, падсядзёлка на спіне каня. Шэмет злез з сядла, аслабіў папругу і пусціў каня папасвіцца. Лобан. Ашмо[ткі] пены маталіся на конскіх храпах, на сядзельных папругах. Лынькоў.

папру́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Памянш. да папруга; папруга. Вадзік .. зняў са штаноў папружку і аддаў узамен на ножык. Гамолка. Па грэблі ў бок мястэчка ідзе чалавек. На ім просты, не першага веку шынель, падпяразаны папружкай з патранташам. Чарнышэвіч. Лейтэнант падцягнуў папружку. Рукою прыгладзіў валасы на галаве. Мыслівец.