Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак.

Працаваць некаторы час. Папрацавала.. [Вера Адамаўна] у нас усяго два гады. Дзесяты клас мне зноў давялося выпускаць. Ермаловіч. // Прыкласці намаганні, энергію для выканання чаго‑н. Сход быў як сход, людзей многа было — відно, што актыў папрацаваў. Лобан.

папраці́віцца, ‑ціўлюся, ‑цівішся, ‑цівіцца; зак.

Разм. Працівіцца некаторы час.

папраціра́цца, ‑аецца; зак.

Працерціся ў многіх месцах, працерціся — пра ўсё, многае. [Паліто] хутка давядзецца замяніць, бо які ні моцны на ім матэрыял, а ўсё ж і ён падаецца і ўжо сям-там папраціраўся. Сабаленка.

папраціра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Працерці што‑н. у многіх месцах, працерці ўсё, многае. Папраціраць штаны на каленях. □ Папрацірала [Ганька] старонкі: ніяк не намалюе.. майскага жука. Васілевіч.

2. Выціраючы, зрабіць чыстым усё, многае. Папраціраць шыбы.

папрацэ́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Працадзіць усё, многае. Папрацэджваць малако.

папраця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Працягнуць усё, многае. Папрацягваць вяроўкі цераз двор. Папрацягваць рукі. Папрацягваць ніткі ў іголкі.

папрацяка́ць, ‑ае; зак.

Разм. Працячы — пра ўсё, многае.

папрачына́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Прачнуцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Некаторыя раненыя папрачыналіся, і чуваць было, як яны з крэктам варочаліся з аднаго боку на другі. Лобан. Была летняя раніца і тая сцішанасць, калі яшчэ не ўсе папрачыналіся і вуліц не запоўніла людская мітусня і гамонка. Сабаленка.

папрачы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прачытаць усё, многае.

папрачышча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прачысціць усё, многае. Папрачышчаць каміны.