Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасынкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., што.

Абламаць (абломваць), абразаць (абрэзваць) у раслін лішнія бакавыя парасткі, пасынкі. Аднойчы бацька пасынкаваў тытунь. Адломленыя парасткі і лісце ён паклаў на печы сушыць. Навуменка. Гаспадыня, якая канчала пасынкаваць і падвязваць памідоры, прывіталася з Верай Антонаўнай, быццам са старой знаёмай. Карпаў.

пасыпа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасыпа́ць — пасы́паць.

пасы́паны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пасы́паць.

пасы́пацца, ‑плецца; зак.

Пачаць сыпацца. Шыбы зазвінелі, а з некаторых пасыпаўся кіт. Колас. Зноў зазвінеў смех, пасыпаліся жарты. Няхай.

•••

Аж іскры з вачэй пасыпаліся гл. іскра.

пасыпа́цца, а́ецца; незак.

Зал. да пасыпа́ць.

пасы́паць, ‑сы́плю, ‑сы́плеш, ‑сы́пле; зак.

1. што і чаго. Насыпаць, раскідаць дзе‑н. нейкую колькасць чаго‑н. Насыпаць зерня птушкам. Пасыпаць гароху на стол. □ Лявон Муравейка асцярожна выцягнуў кацялок з агню, памачыў у кіпені сухар, пасыпаў на яго солі і, адкусіўшы, аж крактануў ад прыемнасці. Шчарбатаў.

2. што чым. Пакрыць, усеяць чым‑н. сыпкім, дробным якую‑н. паверхню. Пасыпаць дарожку жоўтым пясочкам. □ Заслала [Зося] стол, высыпала на самую яго сярэдзіну бульбу і пасыпала сушаным кропам. Дуброўскі. Малады выняў мяса, пачысціў яго, пасыпаў соллю і са смакам пачаў есці. Маўр.

3. Разм. Пачаць падаць, ісці; пайсці (пра снег, дождж і пад.). Пасыпаў дробненькі, гусценькі сняжок. Колас. Глуха шумяць дрэвы. Раптам пасыпаў дробны, цёплы дождж. Мыслівец.

4. што або чым. Разм. Пачаць хутка гаварыць што‑н. Падмігнулі ім дзяўчаты І пасыпалі ў адказ: — Годзе бавіцца, салдаты, — Пачынаць зажынкі час! Калачынскі.

5. Разм. Хутка пайсці, пабегчы (пра многіх). Пачуўшы званок, вучні з усіх куткоў насыпалі ў клас. Кулакоўскі. І не паспеў .. [дзед Мікалай] пераступіць парог хаты, як следам адзін за адным насыпалі мужчыны з усяго канца вёскі. Якімовіч.

пасыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да пасы́паць (у 1, 2 знач.).

пасырэ́ць, ‑эе; зак.

Стаць сырым, сырэйшым. Пасырэлі сцены.

пасыха́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасыхаць.

пасыха́ць, ‑ае; незак.

Сохнуць, засыхаць. Трава ад сонца пасыхае.

пасыхо́дзіцца, ‑дзіцца; ‑дзімся, ‑дзіцеся, ‑дзяцца; зак.

Сысціся — пра ўсіх, многіх. З двара пасыходзіліся суседзі, і пачалася несканчоная шматгалосая гаворка. Чорны.

пасыхо́дзіць, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце, ‑дзяць; зак.

Сысці — пра ўсіх, многіх. Ціток выпіў з Параскаю ды ад вялікай радасці паслаў яшчэ па кварту гарэлкі. Усе панапіваліся ды з хаты пасыходзілі. Адна Параска з Цітком асталася. Лобан.