Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папіха́ч, ‑а, м.

Разм.

1. Чалавек, якому даручаюць паскорыць якую‑н. справу.

2. Тое, што і папіхіч. [Максім:] — Не ўмееш гаспадарку сваю весці, бо .. не хітры ты чалавек... Папіхач — куды пхнуць, туды і ідзеш. Капыловіч.

папі́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Тое, што і папіхаць (у 1 знач.). Поезд крануўся. Злазь хутчэй, а то не паспееш! Паўлік паволі ідзе ў калідорчык. Кандуктар папіхвае. Сташэўскі.

папі́хіч, ‑а, м.

Разм. Чалавек, якім панукаюць, зняважліва распараджаюцца, камандуюць.

папі́ць, ‑п’ю, ‑п’еш, ‑п’е; ‑п’ём, ‑п’яце; пр. папіў, ‑піла, ‑піло; заг. пані; зак., што і чаго.

1. Выпіць, напіцца чаго‑н. Поўдзень. Духата. Адны пасажыры пабеглі пашукаць чаго папіць, другія выйшлі проста размяцца. Ракітны. — Піць хачу, — сказала .. [Зося]. — Можна папіць вады? Хомчанка.

2. Выпіць усё, многае. [Жагула:] — Проша, госцікі, да стала. Папіць гарэлку мы і без мужыка патрапім. Крапіва.

3. і без дап. Піць некаторы час.

папішча́ць, ‑пішчу, ‑пішчыш, ‑пішчыць; зак.

Пішчаць некаторы час. [Мікалай Барысавіч:] — Ты, Ганулька, пацярпі. Папішчаць [дзверы] дзень-другі і супакояцца. Пянкрат.

па́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Вокладка з кардону, скуры і пад. для захоўвання папер, малюнкаў і пад. Галоўны інжынер уважліва праглядаў паперы ў папцы, што ляжала ў яго на каленях. Карпаў. Адзін з.. [харыстаў] — той, што выконваў абавязкі бібліятэкара, — застаўся збіраць папкі з нотамі. Мехаў. // Від партфеля (звычайна без ручак). Хадзіў.. [выкладчык] у капелюшы, заўсёды пры гальштуку, насіў з сабой не партфель,.. а жоўтую папку. Ермаловіч.

папла́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Плаваць некаторы час. Мы рашылі яшчэ раз у сённяшні дзень паплаваць па Прыпяці і асвяжыць сябе яе чыстаю, вечна імкліваю .. вадзіцаю. Сташэўскі.

паплаве́ц, ‑лаўца, м.

Невялікі поплаў. Давёўшы разору да прырэчнага паплаўца, [Міхась] гукнуў да Ніці: — Хопіць на сёння. Якімовіч. [Жанчына] спусцілася з падгнілага ганка на маленькі дворык, адгароджаны ад вялікага нізкай агароджай.. Скрозь была трава, мятліца — як паплавец які перад ганкам. Чорны.

паплаво́к 1, ‑паўка, м.

1. Частка вуды, якая ўтрымлівае лёску з кручком у час лову на патрэбнай глыбіні. Складаецца.. [вуда] з вудзільна, лескі, паводка, паплаўка, груза і кручка. Матрунёнак. Рыба не клявала, і круглы чырвоны паплавок нерухома ляжаў на вадзе. Чыгрынаў. // Прыстасаванне да рыбалоўнай сеткі, якое трымае яе на пэўнай глыбіні. Грымяць лябёдкі — і за бортам сетка, І рабізной на хвалях — паплаўкі. Звонак.

2. Надзьмуты паветрам прагумаваны мех, які выкарыстоўваюць як апору пры тэрміновым навядзенні мастоў, паромаў. Сапёры павялі.. пантонную пераправу. Гэта такі часовы мост, які трымаецца на паплаўках. Юрэвіч. Шыпяць паплаўкі, выходзіць з іх паветра, і ўсё ніжэй і ніжэй нахіляецца плыт. Лынькоў.

3. Прыстасаванне для ўзлёту і пасадкі гідрасамалётаў.

4. Спец. Асноўная частка некаторых прылад. Паплавок карбюратара.

паплаво́к 2, ‑лаўка, м.

Тое, што і паплавец. Перад самаю вёскаю вол забаставаў: звярнуў з дарогі на паплавок. Марціновіч.

папла́кацца, ‑плачуся, ‑плачашся, ‑плачацца; зак.

Разм. Плакацца некаторы час.