папераця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Перацягнуць усё, многае або ўсіх, многіх. Паперацягваць парты з калідора ў клас. Паперацягваць шыны.
паперачы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Перачытаць усё, многае. Хлапчук пакуль агледзеўся, пакуль паперачытваў надпісы над сталамі, прайшло колькі хвілін. Чорны. [Ева:] — А што кніжкі я люблю чытаць, то [гэта] праўда. І бацькавы ўсе паперачытвала, і ў бібліятэцы бяру. Палтаран.
паперашыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Перашыць усё, многае. Паперашываць гузікі.
папе́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Памянш. да папера (у 1 знач.); кавалак паперы. Багата чаго застаецца на пуцях ад пасажырскіх цягнікоў — тут і паперкі ад цукерак, папяросныя каробкі. Лынькоў. Слова «там».. [Лёня] падкрэсліў дзвюма рыскамі, склаў паперку квадрацікам і перадаў Лідзе. Ваданосаў.
2. Разм. Памянш. да папера (у 2 знач.). У праўленне прыйшла паперка, што ў калгас прыедзе меліяратар. Кулакоўскі.
3. Памянш. да папера (у 3 знач.). Трэці [мужчына], доўгі, худы і пануры з зямлістым колерам твару, сядзеў над нейкаю паперкаю, углыбіўшыся ў чытанне, і рабіў сяды-тады ў ёй палеткі. Колас.
4. Разм. Асігнацыя. Дагэтуль Зося насіла ўвесь свой капітал у хустачцы, туга заціснуўшы вузлом і медзякі і паперкі. Брыль. Асташонак узяў у руку пяць сторублёвых паперак, нібы ўзважыў іх. Ваданосаў.
•••
Лакмусавая паперка — тое, што і лакмусавая папера (гл. папера).
папе́рнік, ‑а, м.
Разм. Рабочы папяровай прамысловасці. [Бацька:] — Твой тата папернік, а ты нават не пацікавіўся, як і з чаго мы робім паперу. Мяжэвіч.
папе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праце; пр. папер, ‑перла; заг. папры; зак.
Разм.
1. Хутка, паспешна накіравацца куды‑н. Грышка што было духу папер цераз поле ў бярэзнік. Чарот. Ззаду на .. [паравоз] паперлі вагоны. Новікаў.
2. каго. Груб. Прагнаць, выгнаць. Я моцна зазлаваў і папер беднае дзіця: — Кідай дровы! Панашу іх сам. А ну марш дадому! Карпюк. // Пагнаць, адправіць куды‑н. — Дзівак чалавек, — усміхнуўся пасыльны. — Садзіся во ў брычку, паедзем, а то заўтра пехатой папруць. Асіпенка.
3. каго-што. Панесці, павалачы (звычайна што‑н. цяжкае). Для большай пачцівасці Стуканок пакінуў сваю аблавушку на ганку, а торбу з рыбай папер у хату. Рылько. Ускінуў .. Ільюк [цяля], як барака, на плечы.. і папер дадому. Лобан.
папе́рціся, ‑пруся, ‑прэшся, ‑прэцца; ‑промся, ‑працеся; пр. папёрся, ‑перлася; заг. папрыся; зак.
Разм. Тое, што і паперці (у 1 знач.). Да стала паперліся ўсе, глядзець, што будзе. Галавач.
па́перць, ‑і, ж.
Ганак перад уваходам у царкву. Дзеянне ў трэцім акце [спектакля] адбывалася на паперці, каля ўваходу ў царкву. Рамановіч.
папе́рчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паперчыць.