Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папашука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і чаго.

Шукаць доўга, неаднаразова. У вагон, задыхаўшыся, увайшлі Юрчанка і Шыманскі, знялі шапкі, выцерлі лбы. — Ну і папашукалі мы поезд, — соп Юрчанка. Гурскі.

папашу́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і чаго.

Разм. Тое, што і папашукаць.

папашыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

Разм. Тое, што і папашыць.

папашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што і чаго.

Разм. Шыць доўга, неаднаразова; пашыць многа чаго‑н.

папаяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Разм. Тое, што і папаесці.

папая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што і чаго.

Запаяць усё, многае. Папаяць патлы.

папе́ра, ‑ы, ж.

1. Матэрыял для пісьма, друку, малявання і пад., які вырабляецца ў асноўным з раслінных валокнаў, апрацаваных адпаведным спосабам. Абгортачная папера. Папяросная папера. Газетная папера. □ Ускудлачаны Аляксееў, седзячы за сталом, нешта чарціў на лістку паперы. Карпаў. Ходзячы па вуліцах горада, мы неаднойчы бачылі на вокнах дамоў выразаныя з паперы залатыя і чырвоныя зоркі. Лынькоў.

2. Пісьмовы дакумент афіцыйнага характару. Штабныя паперы. □ [Рабочыя:] Фармальная папера, з подпісам, з пячаткай... Бяры ключы, пайшлі. Клімковіч. [Галена] чакала ў паважнай канцылярыі падарожнай паперы. Чорны. // толькі мн. (папе́ры, ‑пер). Разм. Асабістыя дакументы (аб службе, нараджэння і пад.). [Лабыш:] Ну, бяры свае паперы: ты ўжо паўналетняя і павінна сама здымаць працэнты. Козел.

3. пераважна мн. (папе́ры, ‑пер). Розныя лісты з рукапісным або друкаваным тэкстам. Мала заглядваючы ў паперы, Званец гаварыў пра захапляючую сямігадовую даль, якую расхінуў перад краінай з’езд партыі. Дуброўскі. Пісар хацеў нешта сказаць, але .. замест адказу, узяў вокладкі, распёртыя рознымі паперамі. Колас.

•••

Александрыйская папера — асобы гатунак гладкай шчыльнай белай паперы вялікага фармату для чарчэння і малявання.

Ватманская папера — цвёрдая высокагатунковая папера для чарчэння і малявання.

Каштоўныя паперы — аблігацыі, вэксалі.

Лакмусавая папера (паперка) — фільтравальная папера, насычаная растворам лакмусу, якая ўжываецца ў якасці рэактыву на кіслоты і шчолачы.

Мелаваная папера — папера, накрытая белай клеявой фарбай.

Міліметровая папера — папера для чарчэння ў клетку, роўную аднаму квадратнаму міліметру.

Застацца на паперы гл. застацца.

[Ад грэч. pápyros — выраб з расліны папірусу]

папераапрана́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак., у што і без дап.

Пераапрануцца — пра ўсіх, многіх.

паперабіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Перабіць усё, многае або ўсіх, многіх.

паперабіра́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Разм. Перабрацца — пра ўсіх, многіх. [Ганна:] — З нашых папялішчаў усе ў новыя дамы паперабіраліся, адны мы засталіся. Савіцкі.