Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

парт...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «партыйны» (у 1 знач.), напрыклад: партактыў, партарганізацыя, парткабінет, партком, партшкола.

па́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.

Школьны вучнёўскі стол, злучаны ніжняй часткай з лаўкай. Хваля гэтага заціхання паволі праходзіць па ўсёй школе і, нарэшце, зусім глухне на задніх партах. Колас. Змітрок азірнуўся і ўбачыў Пятра, рабога Петрака, з якім тры гады сядзеў на адной парце. Ваданосаў.

•••

Са школьнай парты — з часоў вучобы ў школе.

партаба́к, ‑а, м.

Невялікая каробачка для тытуню, табакі або папярос. [Кавалёў] дастаў партабак і ў тоўстых пальцах згарнуў тонкую як запалка цыгарку, прыпаліў яе і зацягнуўся. Чарнышэвіч. Лаўрэн Карпавіч выняў з кішэні партабак, узяў з яго дзве папяросы і адну даў Паўлу. Гроднеў.

партаба́чніца, ‑ы, ж.

Тое, што і партабак. Паддубны з момант стаяў.., а пасля дастаў з кішэні партабачніцу і стаў круціць цыгарку. Пестрак.

партаві́к, ‑а, м.

Работнік порта ​1. З порта прыйшла тэлеграма ад аб’яднання партавікоў. Быкаў.

партадука́цыя, ‑і, ж.

Партыйная адукацыя. Гурток партадукацыі.

партакты́ў, ‑тыву, м.

Партыйны актыў — актыў партыйнай арганізацыі. Сход мясцовага партактыву. // Сход актыву партыйнай арганізацыі. Абмеркаваць кандыдатуру на партактыве. □ — Ну, не! Дэталі будуць, падрабязнасці. .. [Шарупіч] і перад воінамі выступаў і на партактыве. Кажуць, вельмі цікава. Карпаў.

парта́л, ‑а, м.

1. Архітэктурна аформлены галоўны ўваход у вялікі будынак. Партал тэатра. □ Парталы [манастыра] паважна разгортваюцца на фоне ружова-яснага неба, і тады нельга не заглядзецца на яго. Колас. // Архітэктурнае абрамленне сцэны, якое аддзяляе яе ад глядзельнай залы.

2. Спец. Рама ў форме літары П, якая з’яўляецца часткай металічнай канструкцыі або машыннай станіны.

[Ад лац. porta — уваход, вароты.]

парта́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да партала. Партальная арка. Партальныя калоны. // Які мае ў сабе партал (у 2 знач.). Партальны станок. □ Для размяшчэння партальных кранаў былі створаны Верхні і Ніжні прычалы. В. Вольскі.

партамане́т, ‑а, М ‑неце, м.

Невялікі кашалёк для грошай. Доўга ў руках круціў.. [рубель] доктар, нават да акна паднёс, паглядзеў на святло, толькі тады паклаў у скураны партаманет. П. Ткачоў.

[Фр. porte-monnaie.]