папрастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.
Разм. Пайсці напрасткі, прама. Калі чалавек пайшоў нацянькі, нягледзячы на дарогу, кажуць «папраставаў». Скрыган. — Ну, я пайду, — сказала Прузына і папраставала цераз гасцінец у поле да ветрака. Каліна. Трое спакойна павярнулі і папраставалі па плошчы да шчодра асветленага помніка цяжкай вайне і вялікай перамозе. Янкоўскі.
папрастарне́ць, ‑ее; зак.
Стаць больш прасторным, прастарнейшым. Пасля касьбы і жніва абшар ваколіцы як бы папрастарнеў. Бядуля. / у безас. ужыв. — Папрастарнела ў камеры, нібы ў лесе, калі ў ім ссякуць старое дрэва, — з сумам у голасе заўважыў Лабановіч. Колас.
папрастарэ́каваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.
Разм. Прастарэкаваць некаторы час. Кірыла зайшоў у варывеньку папрастарэкаваць з хлопцамі па пытаннях жыцця. Скрыган.
папрастрэ́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Прастрэліць што‑н. у многіх месцах, прастрэліць усё, многае.
папрасту́джвацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Прастудзіцца — пра ўсіх, многіх. — Марш у клас, бо папрастуджваецеся! — скамандавала настаўніца. Карпюк.
папрасту́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Прастудзіць усіх, многіх або ўсё, многае. Папрастуджваць дзяцей. Папрастуджваць вушы.
папрасце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Стаць простым, прасцейшым. Міхаліна Казіміраўна за два гады як бы трохі зблажэла і папрасцела. Шамякін. Рысы твару [дзяўчыны] папрасцелі, пагрубелі. Мурашка.
папра́сці, ‑праду, ‑прадзеш, ‑прадзе; ‑прадзём, ‑прадзяце; зак., што.
1. Спрасці ўсё, многае. [Жанкі:] — А што тая Сымоніха з ільном зробіць! Калі яна яго папрадзе? Чарнышэвіч.
2. чаго і без дап. Прасці некаторы час. Бабка Наста ўздыхнула. — Чаму ж, можна і папрасці. Колас. [Настасся:] — Ой, Андрэй! Хоць бы лёну добрага папрасці... У нас жа такі малы, такі кароценькі, а слабы-слабы... Чарнышэвіч.
папрасыха́ць, ‑ае; зак.
Разм. Прасохнуць — пра ўсё, многае. Папрасыхалі дарогі.
папрасяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Прасячы ўсё, многае. У канцы ліпеня генерал Фікельмонт даў загад знішчыць на Дняпры ўсе чаўны. Асобныя атрады выкапалі загад. У чаўнах, віцінах .., да апошняй душагубкі, папрасякалі днішчы. Караткевіч.
2. Пралажыць высечкай многа чаго‑н. Папрасякаць праходы ў лесе.