Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паро́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да парома.

паро́мшчык, ‑а, м.

Перавозчык на пароме. Паром з адзінокай постаццю паромшчыка памалу адчаліў ад берага і пачаў павольны, здалёк ледзь прыкметны для вока рух. Краўчанка.

паро́німы, ‑аў; адз. паронім, ‑а, м.

Словы, вельмі блізкія па марфалагічнаму складу і гучанню, але розныя па значэнню («база» і «базіс», «чалавечы» і «чалавечны»).

[Ад грэч. para — поруч і ónyma — імя, назва.]

паро́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Абл. Параная бульба. Мы ўжо прамінулі адно акно і за ім бачылі, як на стале курыліся белай параю паронкі. Наўроцкі.

паро́слы, ‑ая, ‑ае.

Які зарос чым.‑н.; пакрыты якой‑н. расліннасцю. Дарога была з кіламетр ад лесу. Да яе вяла лагчына, парослая рэдкім хмызняком. Шахавец. Праз вокны хат падалі палосы святла на парослую муравой вуліцу. Хомчанка. Дарога праз лес была чыстая, роўная, парослая мяккім мохам. Ваданосаў.

паро́снасць, ‑і, ж.

Стан пароснай (пра свінню).

паро́сная,

Цяжарная (пра свінню).

паро́тна, прысл.

Па ротах. Цяпер штогод збіраюцца паротна Герояў парадзелыя рады І памінаюць тых, што пасмяротна Прапісаны ў бяссмерці назаўжды. Грахоўскі. Ударыў прамень па сцягу палкавым. Паротна прымаем загад. Броўка.

паро́ўну, прысл.

На роўныя часткі; у аднолькавай колькасці. Жылі ўсе дружнай камунай. Даілі кароў і малако дзялілі на ўсіх дзяцей пароўну. Курто. Іду і веру: нехта шчасце дзеліць Пароўну ўсім — На ўсе на свеце дні. Кірэенка.

паро́хкаць, ‑ае; зак.

Рохкаць некаторы час.