Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паўгало́дны, ‑ая, ‑ае.

Амаль галодны.

паўгало́сны, ‑ая, ‑ае.

Галосны, які ўтварае з другім галосным адзін склад (пра гукі). Паўгалоснае «у» (ў).

паўгіна́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Увагнуцца — пра ўсё, многае або пра ўсіх, многіх.

паўгіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Увагнуць усё, многае.

паўгляда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Углядацца некаторы час. — Можа і я цябе дзесь бачыў, — і Саўка таксама паўглядаўся ў Цімохаў твар, падкрэсліўшы слова «дзесь». Колас. Галя падышла да Марынчынага ложка, паўглядалася Марыне ў твар, у нібы трошкі падсіненыя павекі на асмужаным ветрам і сонцам абліччы і ўспомніла сваю маладосць. Сабаленка.

паўго́да, м.

Прамежак часу ў шэсць месяцаў; палавіна года. Канцэрт зацягнуўся — праграма была вялікая. Недарма Майбарада рыхтаваў яе амаль паўгода. Шамякін.

паўго́дак, ‑дка, м.

Жывёліна, якой паўгода ад нараджэння.

паўго́ддзе, ‑я, н.

Прамежак часу, роўны палавіне года, шасці месяцам. Падводзіліся вынікі спаборніцтва леснікоў за паўгоддзе. Шчарбатаў. // Палавіна навучальнага года ў школе. Першае паўгоддзе.

паўго́лы, ‑ая, ‑ае.

Амаль голы. На тым баку, паміж лазы й трысця, З густых кустоў вылазячы паволі, Ішоў дзікун, абдзёрты і паўголы, Трымаючы з апучкі белы сцяг. З. Астапенка.

паўго́ртваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Угарнуць усё, многае або ўсіх, многіх.