Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пачмы́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Час ад часу, злёгку чмыхаць. Пракоп па двары тупае.., ды толькі пачмыхвае носам. Колас.

пачо́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Тое, што і пачастунак. Вось унучкі Сталы засцілаюць, А дачушкі Пачостку стаўляюць. Вітка. Вялікага вяселля не рабілі, але і не бедніліся: і пачостка добрая была, і вечарынка з музыкамі і скокамі... Васілевіч.

пачува́нне, ‑я, н.

Разм. Адчуванне. Гэтыя думкі парушылі спакой Лабановіча і пакінулі пачуванне нейкага нездавальнення і непрыемнасці. Колас. Без пачуванняў, імкненняў, страсцей Сталі б каменнымі сэрцы ў людзей. Чарнушэвіч.

пачува́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Тое, што і пачуваць. Лабановіч пачуваўся добра і вольна і ўвесь час вёў размову то з гаспадарамі, то з паненкамі. Колас.

пачува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Адчуваць. Хоць камандуючаму ўжо трэцюю ноч амаль не даводзілася спаць, ён пачуваў сябе добра. Мележ. [Агурскі:] — А як пачуваеш сябе — не хворая? Можа стамілася? Можа цяжка табе? Скрыган. Пачуваў сябе сёння Аляксей імяніннікам, які мае права цешыцца сам і цешыць другіх. Карпаў.

пачу́левы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пачуляў. Пачулевы пах. // Які здабываецца з пачуляў. Пачулевы спірт.

пачу́лі, ‑яў; адз. няма.

1. Невялікая трапічная расліна сямейства губакветных з пахучымі лісцямі і галінамі, якая цвіце дробнымі белымі або фіялетавымі кветкамі.

2. Эфірны алей з вельмі моцным пахам, атрыманы з лісцяў і галін гэтай расліны.

пачу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пачуць.

2. у знач. прым. Які пачулі або якога пачулі. Нечакана пачуты крык аб паратунку да болю сціснуў сэрца. Шыловіч. Гэта выразны шорах, напэўна, хада парушальніка, — асцярожная, з напружанай думкай не быць пачутым, выкрытым. Брыль.

3. у знач. наз. пачу́тае, ‑ага, н. Тое, што пачулі, аб чым даведаліся са слоў. Салаўёў быў узрушаны пачутым, як вельмі важнай і прыемнай навіной. Шахавец. Ад пачутага і ўбачанага памутнела ўваччу, ногі самлелі. Кірэйчык.

пачу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Зак. да чухацца.

2. Чухацца некаторы час.

пачу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Зак. да чухаць.

2. Чухаць некаторы час.

•••

Пачухаць патыліцу — паклапаціцца, падумаць, як выйсці з цяжкага становішча.