патапля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да патапляць.
патапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да патапіць 1.
патапсіхало́гія, ‑і, ж.
Галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці парушэння псіхічнай дзейнасці пры паталогіі (хваравітасці) мозгу.
[Ад грэч. pathos— хвароба і слова псіхалогія.]
патапта́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад патаптаць.
патапта́цца, ‑тапчуся, ‑топчашся, ‑топчацца; зак.
Таптацца некаторы час. Рыпнулі дзверы — жанчына паспяшала на кухню. Хвілін колькі патапталася там і чагосьці хутка выскачыла ў сені. Вышынскі. Даніла падышоў, патаптаўся ля мужчын, глянуў спадылба на Максіма і сеў ад яго паводдаль, бо суседа недалюбліваў. Капыловіч. Янка вырваў бізун з цівуновых рук, шпурнуў у гразь і патаптаўся па ім лапцямі. Якімовіч.
патапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., каго-што.
1. Таптаць некаторы час. Патаптаць сена. □ Гюнтэр сашчапіў кулак і, узмахнуўшы рукою, з сілай бразнуў крыж аб падлогу. Не ўстаючы з крэсла, патаптаў яго абцасам свайго абшытага скурай валёнка. Дамашэвіч.
2. Топчучы, змяць, знішчыць, падушыць. Патаптаць траву. □ Патаптаў арол пракляты Сакаліных птушанят. Грахоўскі. Калі бегчы па градах, старая закрычыць, бо Сцёпка патопча ўвесь агурочнік. Хомчанка. Пасля агарадзіў [Лабановіч] гэту грушку.., каб не патаптала і не паламала яе жывёла. Колас.
3. Знасіць, парваць, стаптаць (пра абутак). Патаптаць боты. Патаптаць валёнкі.
патараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
Разм. Панесці, пацягнуць. Дома рыбу перабралі. Драбнейшую пакінулі сабе, адборную ж Андрэй і Янка патарабанілі ў Панямонь. Колас. Зрэзалі .. [сасну] з пня, ацерабілі, адшмулялі ад камля, колькі каму трэба было, і патарабанілі ў вёску. Пташнікаў.
патаргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; зак.
Таргавацца некаторы час. Тоня паспрабаваў як умеў далікатна і лісліва патаргавацца. Чорны.
патаргава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., каго-што.
Разм.
1. Спытаць пра цану чаго‑н., прыцаніцца. — Купіў, не купіў, а патаргаваць можна, — у тым жа вясёлым тоне адказаў Янка. Колас.
2. Таргаваць некаторы час.
патармасі́ць, ‑машу, ‑мосіш, ‑мосіць; зак., каго-што.
Разм.
1. Тармасіць некаторы час. Чакай кінуўся на паратунак. Патармасіў Пашку, зазірнуў у твар. Камандзір быў мёртвы. Паўлаў.
2. Растармасіць усё, многае.