Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

памарко́ціцца, ‑кочуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

Разм. Пасумаваць, патужыць, пажурыцца некаторы час.

памармыта́ць, ‑мычу, ‑мычаш, ‑мыча; зак.

Мармытаць некаторы час. Ліпніцкі весела памармытаў, скідаючы боты.., укруціў кнот, прылёг на тапчан. Сташэўскі.

памарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Змарнець — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх.

2. Марнець некаторы час. [Старая:] — І хвароба нейкая.. падступілася: прастудзіў галаву, памарнеў з год — і няма чалавека. М. Стральцоў.

памаро́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад памарозіць.

памаро́зіць, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., каго-што.

1. Даць замерзнуць, знішчыць, сапсаваць марозам усё, многае або ўсіх, многіх. Памарозіць усю бульбу. Памарозіць людзей. // Абмарозіць. Памарозіць вушы. □ [Партызаны] расшпільвалі аб’інелыя белыя каўняры, церлі рукавіцамі шчокі і насы, пасля знімалі рукавіцы, клалі на лавы, на стол і церлі шчокі пальцамі — памарозілі. Пташнікаў.

2. і без дап. Марозіць некаторы час. Некалькі дзён памарозіла, а потым адпусціла. Грамовіч.

памаро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што і без дап.

Разм. Марочыць некаторы час.

памару́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

Пачакаць рабіць што‑н. Ля дзвярэй.. [Аня] памарудзіла. Званіць? Так, адразу? Адчыняць, і што яна скажа? Хадановіч. Чырвонаармеец памарудзіў, збіраючыся з думкамі, відаць, не адважваючыся незнаёмцу паведаміць нумар часці. Лупсякоў.

памаршырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Маршыраваць некаторы час.

памарынава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.

1. Замарынаваць усё, многае. Памарынаваць памідоры.

2. і без дап. Марынаваць некаторы час.

пама́рыць, ‑ма́ру, ‑ма́рыш, ‑ма́рыць; зак.

Марыць некаторы час. Робячы нешта сур’ёзнае, падчас бывае прыемна і памарыць. Брыль. Добра згубіцца ў шырокім стэпе, паляжаць на мяккай зямлі, памарыць. Няхай.

памары́ць, ‑мару́, ‑мо́рыш, ‑мо́рыць; зак., каго-што.

Разм.

1. Патруціць, атруціць усіх, многіх. Памарыць мышэй.

2. перан. Замучыць, замарыць усіх, многіх. [Міхал:] — Ну, сядай, расказвай, старшыня, як верхаводзіла. Людзей голадам не паморыш, хлеб ёсць на працадні? Васілевіч.

3. Спец. Апрацаваць спецыяльным растворам або марылкай усё, многае.

4. і без дап. Марыць некаторы час.