Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пагарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Гараваць некаторы час. — Гады два пагаруем, папакутуем, а там жыць будзем як лепш не трэба. Скрыган.

пагарачы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Выказаць залішнюю раздражнёнасць, нервовасць, гарачнасць. [Міканор] тут жа сам адчуў, што перагнуў, пагарачыўся лішне, але не паказаў нікому гэтага. Мележ.

2. Праявіць паспешлівасць. Унутраны голас падказвае, што .. [партызаны] пагарачыліся, не варта было звечара кідацца сюды, У цёмны мокры лес. Навуменка.

пагарачэ́ць, ‑эе; зак.

1. Стаць, зрабіцца гарачэйшым. Пагарачэла печ.

2. безас. Зрабіцца горача. У хаце пагарачэла.

пагарба́ціцца, ‑аціцца; зак.

Разм. Тое, што і пагорбіцца.

пагарбе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Гарбець некаторы час. Пагарбець над падручнікам.

пага́рда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Ганарлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; ганарыстасць. Ставіцца з пагардай да каго-небудзь. □ На адной з вуліц Мінска Грышка прыглядаецца ў твар жандара, які едзе з пагардай на буланым кані. Чарот. // Поўная адсутнасць павагі да каго‑, чаго‑н.; здзек. Выказаць пагарду. □ Хоць пагарду цярплю, — Мушу быць глух і нем; Хоць свет хлебам кармлю, Сам мякіначку ем. Купала. Вочы.. [настаўніцы] загарэліся халодным і жорсткім агнём пагарды. Шчарбатаў.

пагарджа́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пагарджальнага.

пагарджа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і пагардлівы.

2. У граматыцы — які мае ці ўносіць адценне пагардлівасці, зневажальнасці. Пагарджальны суфікс.

пагарджа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пагарджаць.

пагарджа́ны, ‑ая, ‑ае.

Той, да каго адносяцца з пагардай, кім пагарджаюць. Сялянства ў царскай Расіі было пагарджаным і бяспраўных. Івашын.