Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паваро́тлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць паваротлівага. Рыгор цешыўся, гледзячы на спрыт і паваротлівасць дзяўчыны, з якімі яна ўвіхалася на яго вачах. Гартны. Павел пахваліў паваротлівасць машыны і даў каманду: — Кругом! Гроднеў.

паваро́тлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны лёгка і хутка паварочвацца. Лёгкая і паваротлівая лодка. □ Юзік ... Яго любімы вучань.. Жвавы, паваротлівы, кемлівы і яшчэ па-вучнёўску слухмяны. Дуброўскі. // Які ўсё робіць лёгка і хутка; увішны. Паваротлівая гаспадыня. □ Пераступіўшы парог, прыпыняецца і глядзіць, як Валянціна кідае ў печ сухія дровы. «Спрытная і паваротлівая, нічога не скажаш», — адзначае Глушакоў. Мяжэвіч.

2. перан. Які ўмее добра весці свае справы, выкарыстоўваючы абставіны. Паваротлівы дзялок.

паваро́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для павароту, паварочвання чаго‑н. Паваротныя механізмы. □ Два паравозы нейкім цудам трапілі ў яму паваротнага круга. Лынькоў.

2. перан. Пераломны, пасля якога пачынаецца нешта новае. Паваротны момант у жыцці. □ Разгром немцаў пад Сталінградам з’явіўся паваротным пунктам у ходзе Айчыннай вайны. «Беларусь».

паваро́чацца 1, ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Вярнуцца, прыйсці, прыехаць назад — пра ўсіх, многіх. Некаторыя [сяляне] паварочаліся адвячоркам, .. а некаторыя дык і зусім на змярканні. Крапіва.

паваро́чацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Варочацца з боку на бок некаторы час.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абярнуцца, упасці, пападаць — пра ўсё, многае. Усе збанкі паварочаліся.

паваро́чаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Вярнуць назад многіх, многае. Паварочаць людзей.

паваро́чаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Перамяшчаць, пераварочваць што‑н. цяжкае некаторы час. Балванка сталёвая пад абцугамі, яе паварочай — упарышся. Летка.

2. Абярнуць, перавярнуць усё, многае. Паварочаць усе крэслы.

3. Перавярнуць на другі бок. Паварочаць сена.

паваро́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. паварочваць — павярнуць (у 1, 4 знач.) і паварочвацца — павярнуцца (у 1 знач.).

паваро́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да павярнуцца (у 1, 2 і 4 знач.).

2. Разм. Быць, знаходзіцца дзе‑н. Дзе б .. [Анісімаў] ні паварочваўся, каля яго заўсёды збіраліся людзі. Паслядовіч. [Даніла:] — Ну, дзядзька Батура, як ты дзе паварочваешся? Крапіва.

3. Разм. Рабіць, выконваць што‑н. [Сякач:] — Наперадзе ў вас многа спраў. Весялей паварочвайцеся. Алешка. — Каб яны спрахлі, гэтыя скаргі. Толькі паспееш разабрацца з адной, як табе падсоўваюць другую. Адно паварочвайся! Паўлаў.

4. Зал. да паварочваць.

•••

Язык не паварочваецца гл. язык.

паваро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да павярнуць (у 1, 3–6 знач.).

павартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што і без дап.

Вартаваць некаторы час. Павартаваць чужыя рэчы. Павартаваць да пяці гадзін. □ [Максім:] Калі ўжо выбраўся, то і добра: павартуеш сёння за мяне, а я другі раз за цябе. Чорны.

паварухну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да паварушыцца.