Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пабле́клы,

гл. пабляклы.

пабле́кнуць,

гл. паблякнуць.

паблі́зу, прысл. і прыназ.

1. прысл. Блізка, непадалёку. Сам засценак стаяў сярод чыстага поля. Ні лугавінкі, ні гайка, ні ручайка паблізу. Чарнышэвіч. Недзе паблізу ў няскошанай дзялянцы рыпнуў драч. Хомчанка.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паблізу» выражае прасторавыя адносіны: указвае на размяшчэнне блізка, на невялікай адлегласці ад чаго‑н. Сенажацяў паблізу засценкаў не было. Чарнышэвіч. Сушкевіч ажывіўся, зацікаўлены тым, што скажа Андрэй. Ён устаў з травы і сеў паблізу Салаўёва. Дуброўскі. Некалькі выхадных дзён Андрэй аб’язджаў машыну .. паблізу горада. Пальчэўскі.

паблі́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Бліскаць некаторы час. Пабліскала маланка і перастала.

паблі́скванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пабліскваць.

паблі́скваць, ‑ае; незак.

Блішчаць час ад часу, няярка адсвечваць. У далечыні .. паблісквала маланка, але навокал было ціха. Чарнышэвіч. Дарога падсохла, гулка звінела пад нагамі; у каляінах матава пабліскваў лёд. Савіцкі.

паблішча́ць, ‑шчыць; зак.

Блішчаць некаторы час. Іскры паблішчалі і пагаслі.

паблудзі́ць, ‑блуджу, ‑блудзіш, ‑блудзіць; зак.

Блудзіць некаторы час. Васіль крыху паблудзіў, пакуль выбраўся на Магілёўскую шашу. Кулакоўскі.

паблука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Пахадзіць без мэты, гуляючы. Я схадзіў у Зазер’е і на адзіноце паблукаў па асеннім лесе. Краўчанка. Сон.. не ішоў, і заставалася толькі пакінуць цеснаватую хату і паблукаць па вечаровай вуліцы. Шахавец.

2. Пахадзіць у пошуках чаго‑н. Нямала .. [Пеця] яшчэ паблукаў, пакуль знайшоў патрэбную дарогу. Сіняўскі. Варта было яшчэ паблукаць па кніжных магазінах, перакусіць, а потым зашыцца куды-небудзь у парк. Навуменка.

3. Разм. Павандраваць, пахадзіць. Калі нельга многа — хоць бы трохі Паблукаць бы мне па ўсёй зямлі. Панчанка.

паблы́тацца, ‑аецца; зак.

Пераплесціся паміж сабой, пераблытацца, зблытацца. Ніткі паблыталіся. □ [Барада] паблыталася густымі кучаравымі ніткамі. Скрыган.