Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паро́дыя, ‑і, ж.

1. Твор, сатырычны або камічна падроблены пад іншы твор. У гэты перыяд нашага сумеснага жыцця ўзнікла думка паспрабаваць свае сілы ў літаратурнай пародыі. Хведаровіч.

2. перан. Знешняе, няўдалае перайманне чаго‑н., скажонае падабенства да чаго‑н. А боты штосьці не ішлі, Пакупнікі іх абміналі... Па-першае, шалёная цана, А па-другое, не абутак, а пародыя адна. Валасевіч.

[Грэч. parödia.]

паро́жак, ‑жка, м.

Памянш. да парог (у 1, 2 знач.). Марыя ступіла на парожак калідора і пачала абчышчаць мяцёлкай боты. Кулакоўскі. — Мы прывыклі, дружа, — мякка сказаў Турсевіч, — [адкарасквацца] агульнымі выразамі там, дзе наш розум не можа адолець, пераступіць нейкія парожні, якія адгароджваюць ад яго тое, чаго мы не ведаем. Колас.

паро́жні, ‑яя, ‑яе.

Пусты, нічым не запоўнены. Сама сталоўка займала палавіну дома і двума ходамі злучалася з кухняй: праз адны дзверы неслі страву ў сталоўку, а праз другія выносілі парожнюю пасуду. Колас. Аўтобус абганяў калоны самазвалаў з гравіем і цэментам, а насустрач імчаліся парожнія машыны. Грахоўскі. // Разм. Нікім не заняты, свабодны. Якраз тут было не так багата людзей, і .. [Рыгор] пайшоў на адной лаўцы парожняе месца. Гартны. Хата была вялікая і парожняя, хоць бяры спраўляй вечарынку. Пташнікаў. Яны самі — і дзядзька, і цётка, і баба, і Казік, і сястра Казікава Стэфа — абедаюць за сталом, а я адзін, як той воўк. І яны абедаюць паперадзе: — стол потым парожні гуляе. Баранавых.

•••

Пераліваць з пустога ў парожняе гл. пераліваць.

паро́жны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і парожні. [Агата] рынулася назад у сенцы з парожным вядром і бразнула яго на лаўку. Крапіва. А дом, ён цягне. У мяне там цяпер толькі мачыха. А вось як падвярнулася машына на базе, — выпрасіў на нядзелю. Парожны не прыеду. Пташнікаў.

паро́жыстасць, ‑і, ж.

Уласцівасць парожыстага.

паро́жысты, ‑ая, ‑ае.

Які мае многа парогаў (у 3 знач.). Верхні Вые мае ў даўжыню 130 кіламетраў, але валодае меншым падзеннем і таму менш парожысты. Галавач.

паро́к, ‑у, м.

У выразе: парок сэрца — хвароба, пры якой дэфармуюцца клапаны і адтуліны сэрца.

паро́ль, ‑я, м.

Сакрэтнае ўмоўнае слова або фраза для апазнавання сваіх людзей на вайсковай службе або ў канспіратыўных арганізацыях. Пароль і адрас Сашу дала сваячка — падпольшчыца Ядзя Дубіцкая. Новікаў.

[Ад фр. parole — слова.]

паро́льны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца паролем. Парольны сігнал.

паро́м, ‑а, м.

Плыт або пласкадоннае судна для перавозкі людзей або грузаў цераз рэчку, возера, праліў. — На беразе нідзе ні чоўніка, ні парома, а тут трэба хутчэй перапраўляцца, пакуль не заўважылі. Краўчанка. Як толькі прайшоў крыгаход, на рацэ затарахцеў буксірны катэр і пацягнуў з аднаго на другі бераг вялізны паром. Грахоўскі.