Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасудамы́йка, ‑і, ДМ ‑майцы; Р мн. ‑мыек; ж.

1. Памяшканне, дзе мыюць посуд. Цэлы дзень праз адчыненае акно пасудамыйкі чуўся несціханы бразгат місак, талерак, нажоў і відэльцаў. Грамовіч.

2. Машына для мыцця пасуды.

3. Тое, што і пасудніца.

пасу́дзіна, ‑ы, ж.

1. Асобны прадмет посуду, у які можна наліць, насыпаць ці пакласці што‑н. І раптам цешча перамянілася. Міску з крупнікам не сунула на стол, як заўсёды, а наадварот — паставіла яе беражліва, бы надзвычай крохкую дарагую пасудзіну. Б. Стральцоў. // Шкляны выраб, ёмістасць для хімічных рэчываў, лякарства і пад.

2. Разм. Судна, лодка, карабель. Лодка зрабіла імклівы наўкруг, вынеслася на сярэдзіну ракі. Я любаваўся, як увішна ўпраўляўся з пасудзінай рыбак. Чыгрынаў. Сілівону з цямна да цямна даводзілася вадзіць цераз раку старую сваю пасудзіну, збітую з дошак. Лынькоў.

пасудзі́цца, ‑суджуся, ‑судзішся, ‑судзіцца; зак.

Разм. Судзіцца з кім‑н. некаторы час. Спрабуй пасудзіцца тады з ім [Тумашэвічам]: суд заўсёды быў на баку пана. Машара.

пасудзі́ць, ‑суджу́, ‑су́дзіш, ‑су́дзіць; зак.

Разм.

1. каго. Засудзіць усіх, многіх. — Цяпер пацішэла, і добра пацішэла, — пануквае каня фурман. — Зброю паадбіралі, пасудзілі за гэта. Лужанін.

2. заг. пасудзі́(це) (звычайна з займеннікам «сам», «самі»). Ужываецца ў значэнні: падумай(це), памяркуй(це), уяві(це) сабе. — Што ж болей рабіць, пасудзі? Колас. Голы, босы хадзіў дзіцем, — Цяпер стар, і ўсё ж не ўскрос. Паглядзіце, пасудзіце — Я таксама гол і бос. Купала.

3. Пагаварыць, папляткарыць некаторы час. [Куліна:] А які суд можа быць між сваімі.. Вядома, калі людзі пасудзяць языкамі, то жыць не захочаш, ну то і... разводзяцца. Чыгрынаў.

пасу́днік, ‑а, м.

1. Паліца, шафа для пасуды. Помніцца, тая [жанчына] таксама нешта казала і пра Германію, пакуль бразгала ў пасудніку і кроіла хлеб. Быкаў.

2. Рабочы, які мые посуд у сталовай, рэстаране і пад. Працаваць пасуднікам.

пасу́дніца, ‑ніцы, ж.

Жан. да пасуднік (у 2 знач.).

пасу́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да посуду, пасуды. Пасудная вытворчасць. Пасудная шафа.

пасука́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пасукаць.

пасука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і ‑сучу, ‑сучаш, ‑суча; зак., што.

1. Ссукаць, перасукаць усё, многае. Пасукаць усю пражу.

2. і без дап. Сукаць некаторы час. З паўдня пасукала ніткі.

пасумава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак.

Сумаваць некаторы час. Мы сягоння на чужой чужыне сядзем па-сяброўску за сталом, Пасумуем па сваёй краіне, Песню «А ў бары, бары» спяём. Панчанка.