пан...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на поўны ахоп з’явы, на поўнае панаванне, поўную перавагу таго, што абазначана другой часткай, напрыклад: панславізм, пантэізм.
[Грэч. pán — усё.]
панабіва́цца, ‑аецца; зак.
Набіцца, налезці куды‑н. у вялікай колькасці — пра многае. У шчыліны паміж дошкамі панабіваўся снег. Савіцкі. // Разм. Сабрацца ў вялікай колькасці. Панабівалася народу ў клуб.
панабіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. чаго. Убіць, наўбіваць куды‑н. многа чаго‑н. Панабіваць гваздоў у сцяну.
2. каго-што. Набіць, напоўніць усё, многае. Панабіваць матрацы саломай. □ А сёння зноў закруціла мяцеліца, пазасыпала праталіны снегам, панабівала яго ва ўсе шчыліны. Дуброўскі. // Разм. Сабраць куды‑н. у вялікай колькасці. Камеры ў .. [астрозе] вялікія і людзей туды панабівалі, як запалак у пачак. Сабаленка.
3. што. Разм. Натрудзіць, стаміць працай. [Сяргей Аляксандравіч:] — Няхай робяць, няхай! Яны рукі свае панабіваюць. Дубоўка.
4. што. Набіваючы, насадзіць усё, многае. Панабіваць абручы на бочку.
5. каго. Набіць, адлупцаваць усіх, многіх.
панабіра́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак. Разм.
1. Набрацца, набыць што‑н. — пра ўсіх, многіх. Божухна-бацюхна! Дзе .. [жанчыны] панабіраліся гэткага спрыту. Зарэцкі.
2. Неадабр. Напіцца гарэлкі, віна — пра ўсіх, многіх. [Паліцэйскія] да таго панабіраліся, што адзін па другога пачалі сабакамі брахаць. Гурскі.
панабіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.
1. Набраць, узяць з сабою вялікую колькасць каго‑, чаго‑н.
2. Набыць, накупляць многа чаго‑н. Панабіраць матэрыі ў магазіне. □ Быў добры ўраджай на жалуды. Панабіралі людзі іх тады хто колькі мог. Дубоўка.
панабыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
Набыць, нажыць паступова многа чаго‑н.
панабяга́ць, ‑ае; зак.
1. Хутка сабрацца ў адным месцы ў вялікай колькасці. Жанок панабягала — Як бы хто сход сазваў. Гілевіч.
2. Нацячы, насыпацца куды‑н. у вялікай колькасці.
панавалака́цца, ‑аецца; зак.
Разм. пагард. Навалачыся куды‑н. у вялікай колькасці. [Немцы] панавалакаліся, як плойма, на пакуту людзям. Чорны.
панавалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Разм. Навалачы ў вялікай колькасці.
панавалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; зак., чаго.
Разм. Тое, што і панавалакаць.