пастушы́ны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і пастухоўскі. Выйшаў раннем за ваколіцу, і пацягнула мяне ў недалёкі лясок, пад раку, у тыя мясціны, дзе некалі праходзіла маё пастушынае маленства. Кулакоўскі. Недзе гамоніць дарога, Недзе грымяць масты. І пастушынага рога Просіцца ў сэрца матыў. Камейша.
пастфа́ктум, прысл.
Кніжн. Пасля таго, як што‑н. ужо зроблена, адбылося.
[Ад лац. post factum — пасля зробленага.]
пастыда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Абл. Пасаромецца. [Міхал:] — І не сядзі, як сыч. Сонца ўжо над хатай. Чалавека б чужога пастыдаўся. Пташнікаў.
пастыжо́р, ‑а, м.
Спецыяліст, які робіць парыкі, вусы, бароды і пад. для акцёраў.
[Ад фр. postiche — прыстаўны, фалыпывы.]
пастыля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак., з кім і без дап.
Разм. Тое, што і апастыляцца. Цяўлік надта любіў разяўляцца на ўсіх, пастыляўся нават з дарослымі, лез на кожнага, як жаба на корч. М. Стральцоў.
па́стыр, ‑а, м.
1. Уст. паэт. Пастух. Пастыр стадка ў поле гоніць і пяе. Дзе роўкі, валы, коні, Дзе мае? Купала.
2. Свяшчэннік, кіраўнік паствы. [Поп:] — Клянуся святым крыжам... Бог пакарае таго, хто не верыць свайму пастыру духоўнаму! Якімовіч.
пасты́р, ‑а, м.
Абл. Пастух. Доўга пастыр на трубе Пералівае зару. Танк. На небе месяц, як пастыр, на плечы ўскінуўшы сярмягу, зганяе хмары ўсе ў Мазыр, каб паратунак даць на смагу. Дубоўка.
па́стырскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пастыра, належыць пастыру. Гукі бяроставай пастырскай трубы, нібы спевы паляўнічага ражка, зычна разліваліся ў бары. Бядуля.
пасты́ць, ‑стыне; зак.
1. Астыць, прастыць — пра ўсё, многае. — Там усё, мусіць, пастыла. Й падагрэю! Гурскі.
2. Стыць некаторы час.
пастэ́ль, ‑і, ж.
1. Мяккія каляровыя алоўкі (без аправы) для жывапісу, зробленыя са спрасаванага фарбавага парашку. Гэта былі дзесяткі эцюдаў, .. накіды карандашом, вугалем, пастэллю. Ракітны.
2. Рысунак, выкананы такімі алоўкамі. Пейзажныя пасталі.
3. Тэхніка жывапісу, заснаваная на прымяненні такіх алоўкаў; адпаведны жанр жывапісу.
[Іт. pastello.]
пастэ́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да пастэлі. Пастэльны жывапіс. // Зроблены пастэллю. Пастэльны партрэт.
2. Няяркі, мяккі (пра колер і пад.). [Карціну] «Перад шлюбам» Сергіевіч выканаў у далікатных пастэльных танах. Ліс. [Мода] раіць .. і другое: зусім не баяцца светлых пастэльных колераў. «Работніца і сялянка».