Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

памкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Імкліва рушыць у якім‑н. кірунку. У казачым стане заварушыліся, некаторыя павыцягвалі з ножак шашкі і памкнуліся на кулямёт. Лобан. Калі гарматы пылілі па вуліцы, нечая шэрая фігура памкнулася ў цагляны дом. Няхай.

2. Намерыцца, паспрабаваць што‑н. зрабіць. Неяк у нядзелю Андрэй памкнуўся быў схадзіць да Тамаша, распытаць пра сёе-тое. Чарнышэвіч. Зянон вопрамеццю кінуўся ў дзверы.. Жонка памкнулася яго стрымаць, але дзе там! М. Ткачоў.

памле́ць, ‑млее; ‑млеем, ‑млееце, ‑млеюць; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Аслабець, здранцвець, анямець (пра часткі цела). Дошкі.. [Люба] трымала рукамі, рукі памлелі, яна падпёрла дошкі галавой і плячыма. Чорны. Віця і Грыша ледзьве выбраліся з каляскі — памлелі ногі. Місько.

2. Страціць прытомнасць ад якога‑н. моцнага перажывання, пачуцця і пад. — пра ўсіх, многіх.

памнажа́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да памножыцца.

2. Зал. да памнажаць.

памнажа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да памножыць.

памнажэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. памнажаць — памножыць.

памно́гу, прысл.

Разм. У вялікай колькасці, шмат. Пісаў Галавач з нястомнаю прагаю, але ніколі не быў давольны зробленым.. Памногу разоў перапісваў гатовае, перарабляў. Скрыган. Госць закусваў, памногу браў капусты, хрумстаў яе моцнымі зубамі, памногу адкусваў хлеба. Арабей.

памно́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад памножыць.

памно́жыцца, ‑жыцца; зак.

Павялічыцца ў колькасці, памерах, сіле; узрасці. Вырасла арцель, памножыліся яе даходы. «Звязда».

памно́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць дзеянне множання. Памножыць сем на дзевяць.

2. Павялічыць колькасць, памер, сілу каго‑, чаго‑н. Расцем усе. Ідуць гады, І сілы ты памнож. Ніколі паншчыне сюды Не павярнуцца больш! Броўка. І славу продкаў і бацькоў Памножым мы ў сотні крат. Астрэйка.

памо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. памок, ‑ла; зак.

1. Мокнуць некаторы час. Памокнуць гадзіну пад дажджом.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Змокнуць — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае.