Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

памі́нкі, ‑нак; адз. няма.

Абрадавы абед у памяць памёршага пасля хаўтур або праз пэўны тэрмін са дня смерці. Заплаканая ўдава і сваякі запрашалі на памінкі. Самуйлёнак. — Пане Жукоўскі! — нечакана для самога сябе сказаў Андрэй. — У нас сёння памінкі па бацьку. Чарнышэвіч.

паміну́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылічваецца, падлічваецца па мінутах. Памінутная плата за тэлефонныя перагаворы.

2. Часты, бесперапынны. Памінутныя выклікі да тэлефона.

паміра́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. паміраць.

паміра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да памерці.

2. перан. Прыходзіць у заняпад. — Памірае мястэчка, — скардзіўся рабін у сваіх казаннях. Бядуля. // Адыходзіць у мінулае, адміраць — аб грамадскіх з’явах і пад. Чапляючыся за жыццё, памірае адсталае, старое, тое, што аджыла свой век; нараджаецца і дужэе новае, перадавое. Кудраўцаў.

•••

Паміраць (лопацца) са смеху — знемагаць ад смеху.

памірга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Тое, што і памаргаць.

памі́ргваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Міргаць час ад часу. Даўно няголеныя шчокі .. [Скуратовіча] абвіслі і вочы паміргвалі. Чорны. Злёгку паміргвае свечка і, здаецца, трохі патрэсквае. Мікуліч.

паміры́цца, ‑міруся, ‑мірышся, ‑мірыцца; зак.

1. з кім-чым і без дап. Спыніць спрэчку, дайсці да згоды, пачаць жыць у згодзе. Цяпер і сам сабе не рад. Не спіцца, не ляжыцца. Ці не вярнуцца лепш назад Ды з другам памірыцца? Танк. [Іван:] — Між намі прабегла чорная кошка. Што, не верыш? Ужо былі памірыліся, ды сёння зноў паспрачаліся. Ваданосаў. У дарозе маці мала размаўляла з бацькам, але Люся ведала: скора яны памірацца. Даніленка.

2. на чым. Здаволіцца чым‑н., згадзіцца на што‑н. Урэшце [маці з Колем] памірыліся на тым, што Коля захапіў з сабою пару самых большых гарачых грачанікаў з кавалкам сала ў прыдачу. Якімовіч.

паміры́ць, ‑міру, ‑мірыш, ‑мірыць; зак., каго-што.

Наладзіць згоду, мірныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. Янка і Пятрусь грызліся заўсёды: абы стрэліся дык і пачыналі.. А памірыць іх было немагчыма. Чарнышэвіч.

памітусі́цца, ‑тушуся, ‑тусішся, ‑тусіцца; зак.

Мітусіцца на працягу нейкага часу. Разгублена памітусіўшыся па хаце, Ліда Сцяпанаўна схапіла нарэшце клунак з рэчамі. Шчарбатаў.

памітынгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

Разм. Мітынгаваць некаторы час.