Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак., чым.

Добраахвотна пазбавіць сябе чаго‑н., адмовіцца ад чаго‑н. на карысць каго‑, чаго‑н. І ўжо сама гэтая бескампраміснасць і паслядоўнасць у адстойванні сваіх намераў, немагчымасць паступіцца самай малой часцінкай праўды, схібіць хоць бы ў прыватных рэчах пэўным чынам гарантуюць лірычнага героя ад дробязнасці. Бугаёў. Для блізкага чалавека Іван можа нават і паступіцца чым-небудзь, а калі гэты чалавек яшчэ хоць трохі для чаго карысны, то яму Тхорык можа і зорку з неба дастаць. Кулакоўскі.

паступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Уладкавацца куды‑н., стаць членам, удзельнікам чаго‑н. Паступіць на работу. □ І таму, як толькі пасля вайны часць, у якой ён служыў, вярнулася на радзіму, сержант Лемяшэвіч паступіў у дзесяты клас вячэрняй школы. Шамякін. — А як жа мне ў камсамол паступіць? — пытаецца Рыгор. Галавач. Паступіць на завод .. [Тарасу] параіў Андрэй Міхайлавіч. Якімовіч.

2. Павесці сябе пэўным чынам, зрабіць нейкі ўчынак. Апошні і рашучы момант яго злачынства адбудзецца тады, калі ён раскажа войту пра дзеда Талаша. Гэта акалічнасць крыху заспакойвала Саўку, і ён думаў аб тым, як паступіць яму далей. Колас. — Ты правільна паступіў, што асадзіў яго [Салагуба] крыху. Машара. Хацелася растлумачыць яму [Максіму], што хоць жорстка яна [Глаша] паступіла, але інакш не магла. Гроднеў.

3. Быць дастаўленым куды‑н., атрыманым кім‑н. У бальніцу паступіў хворы. Паступіла скарга. □ Раніцай паступіў загад рыхтавацца ў паход: пакаваць сувязную гаспадарку на фурманкі, быць гатовымі на выезд. Машара. // Перайсці, перадацца каму‑, чаму‑н. ад каго‑, чаго‑н. Уся адабраная ад палякаў зброя, што папала ў рукі партызан і чырвонаармейцаў, паступіла ў яго [дзеда Талаша] распараджэнне. Колас.

4. Рухаючыся, дасягнуць чаго‑н., апынуцца дзе‑н. (пра паветра, ваду, газ і пад.). Ток паступіў у правады.

паступле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. паступаць — паступіць (у 1, 3 і 4 знач.).

2. Тое, што паступіла куды‑н. (грашовыя сумы, афіцыйныя матэрыялы). Грашовыя наступленне.

паступо́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць паступовага.

2. Паслядоўнасць, чарговасць. Часамі Самабыля нават займаюць думкі: у якой паступовасці трэба размяркоўваць самы матэрыял сваркі? Што трэба казаць наўперад, а што потым? Колас.

паступо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца паслядоўна, без рэзкіх змен, не адразу. Не паступовае абядненне, а катастрофа ўпала на Гальвасавы галовы: у дваццатым годзе настаў момант кінуць усё. Чорны.

пасту́х, ‑а, м.

Той, хто пасе статак. Рана пачалося самастойнае Іванава жыццё, жыццё падпаска, а пасля — панскага пастуха. Дуброўскі.

пастухо́ў, ‑ова.

Які належыць пастуху. Дзіўна .. гучала звонка-пявучая пастухова труба ў халодным зімовым змроку. Зарэцкі. Юрка па-гаспадарску крочыць па вуліцы і раз за разам звонка страляе пастуховай пугай. Курто.

пастухо́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пастуха, уласцівы яму. Большую ўвагу сярод свайго пастухоўскага брата аддаваў Цімох Яхімаву Юзіку. Колас. Любіць яшчэ пісьменнік вечарамі раскласці на двары вогнішча, прысесці ля яго пакурыць. Гэта, відаць, звычка далёкага пастухоўскага маленства. С. Александровіч. Сярод песень, сабраных М. Федароўскім, — любоўныя, сямейныя, вясельныя, радзінныя, купальскія, жніўныя, дзіцячыя, пастухоўскія, рэкруцкія, балады, прыпеўкі і г. д. Саламевіч.

пастухо́ўства, ‑а, н.

Занятак пастуха. Той першы год пастухоўства пакінуў аб сабе толькі два ўспаміны. Асіпенка.

пасту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Жан. да пастух.