Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

парашы́ць, ‑рашу, ‑рашыш, ‑рашыць; зак., што, на чым і з інф.

Разм.

1. Прыняць якое‑н. рашэнне, рашыць, вырашыць. Гадзіны праз дзве маці парашыла паглядзець, што робіць яе сын, бо ніякіх гукаў з пакоя не чулася. Арабей. [Домна:] — От, сынок, што мы тут парашылі. Трэба табе падалей адсюль схавацца. Асіпенка. Усё астатняе Стасіка ўжо не цікавіла. Ён не чуў, пра што гаварылі хлопцы далей, на чым яны парашылі. Няхай.

2. Падумаўшы, разважыўшы, прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. — Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, — парашылі хлопцы. Маўр. Але па тым, як страляніна гусцела і набліжалася, .. Пракоп цвёрда парашыў, што немцы адыходзяць. Якімовіч.

парашэ́ціць, ‑шэчу, ‑шэціш, ‑шэціць; зак., што.

Падзіравіць што‑н. у многіх месцах, зрабіць падобным да рэшата.

парва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад парваць.

2. у знач. прым. Дзіравы, падраны. Незнаёмы падышоў да іх [Лявона і Грышкі] Увесь аброслы валасамі, у парванай вопратцы, у дзіравых ботах, з загарэлымі рукамі... Чарот.

парва́цца, ‑рвецца; зак.

1. Разарвацца, раздзяліцца на часткі ад нацягвання. Ехала я і марыла: паставяць мяне каля машыны, што сама вяжа панчохі, буду хадзіць між станкоў, глядзець, каб нідзе нітачка не парвалася. Жычка.

2. Разадрацца на часткі, падрацца. Дастаў з камсамольскага білета яе даўняе пісьмо, што некалі ўратавала мяне, яно парвалася на складках, словы пабляклі, а то і выцвілі. Марціновіч. / Пра хмары. Бралася на добрую пагоду: хмара, што ўчора абцягнула сяло, парвалася. Капыловіч.

3. Стаць дзіравым, непрыгодным для носкі; знасіцца. Светлая дзяўчыніна сукенка прыняла дзікунскі выгляд. Блакітныя панчошкі парваліся. Маўр.

4. перан. Спыніцца, скончыцца. Дакладна ніхто нічога не ведаў. Сувязь з падпольшчыкамі парвалася. Асіпенка. Аднак сувязь паміж паэтамі не парвалася: часта новаасуджаны нёс у турму некалькі вершаў Танка і знаёміў з імі таварышаў па камеры. У. Калеснік.

парва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., што.

1. Моцна нацягнуўшы або рыўком раздзяліць на часткі, разарваць. Парваць вяроўку. □ Весялей трэба йграць, хоць бы й струны парваць, Хоць і сам мо вяселлю не рад. Чарот.

2. Разарваць на часткі, падраць. З дна куфра [Назарыха] дастала старыя льняныя абрусы і парвала на пялёнкі. Б. Стральцоў. Ліст сябра.. [Смачны] парваў і кінуў кавалачкі ў пячурку. Галавач. / Пра хмары. І раптам той жа вецер, які ўчора наганяў на людзей нуду, за ноч парваў на дробныя кавалачкі хмары, загнаў іх некуды за небасхіл і сам там жа знік. Сергіевіч.

3. Падраць, нарабіць дзірак. Плішчылася .. [Марылька], плішчылася праз гушчэчу, усё адзенне на сабе парвала. Якімовіч.

4. Пашкодзіць; падарваць. [Міхал:] Наладую падводы толам, парву немцу жалезку ад Віцебска аж да самай Оршы... Кучар.

5. перан.; і з кім-чым. Спыніць, кончыць (сувязі, адносіны і пад.). Парваць знаёмства. Парваць з кампаніяй. □ Адзінокі, бо парваў усе адносіны з сям’ёй, разлучаны з блізкімі, .. [Давід] не сумаваў, не тужыў, як іншыя. Машара.

6. каго. Пакусаць (пра сабаку, ваўка і пад.). [Сцёпа] добра ведаў, што Рыгорка і кроку не зробіць. Інакш Палкан парве яго. Курто.

7. Сарваць усё, многае. [Лукаш:] — Каб не я, то ўвесь ваш боб парвалі б, далібог праўда. Лобан.

8. і без дап. Рваць некаторы час.

•••

Жылы парваць — надарвацца ад цяжкай працы.

Нервы парваць — папсаваць нервы моцным напружаннем.

Парваць жывот (жывата) — тое, што і надарваць жывот (жываты) (гл. надарваць).

парвеню́, нескл., м.

Уст. зневаж. Чалавек, які прабіўся ў вышэйшыя слаі грамадства або хутка дасягнуў высокага службовага становішча; выскачка.

[Фр. parvenu.]

пардо́н, выкл.

Разм. Прабачце, даруйце. Мы, — кажуць, — бачылі нахабнікаў нямала, А гэтакіх, як вы... Пардон! Каб ворагаў людскіх навука ратавала?! Корбан.

[Фр. pardon.]

паржаве́лы, ‑ая, ‑ае.

Які паржавеў; заржавелы. Алесь падаў дзве абоймы паржавелых крыху патронаў. Галавач. З паржавелай трубы, што выходзіла на двор у акенца і нечым нагадвала гармату, уранку і ўвечары віўся дым. Мележ.

паржаве́ць, ‑ее; зак.

1. Стаць іржавым; заржавець. Гільзы яшчэ трохі паблісквалі, але бляск гэты быў цьмяны — яны паржавелі. Чыгрынаў.

2. Заржавець — пра ўсё, многае.

паржа́ць, ‑ржэ; зак.

Іржаць некаторы час.