парашкападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны на парашок, у выглядзе парашку. Парашкападобная салетра.
парашко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да парашку; зроблены з парашку. Парашковае малако.
парашо́к, ‑шку і ‑шка; мн. парашкі, ‑оў, м.
1. ‑шку. Расцёртае на дробныя частачкі цвёрдае рэчыва. Мыльны парашок. Зубны парашок.
2. ‑шка. Лекавае рэчыва пэўнай дазіроўкі ў раздробленым выглядзе. Марцін тым часам даў старому парашок і сказаў: — Паляжаць трэба, дзядзька Юстынь. Чарнышэвіч.
•••
Персідскі парашок (уст.) — парашок для знішчэння блох і клапоў.
Сцерці ў (на) парашок гл. сцерці.
парашу́т, ‑а, М ‑шуце, м.
Прыстасаванне ў выглядзе вялікага парасона, прызначанае для спуску людзей, грузаў з лятальных апаратаў, для тармажэння пры пасадцы самалётаў і пад. Над галавой, на цёмным блакіце неба, прыкметна чарнеў купал парашута. Новікаў. Тоня напружыла ўсе сілы і скіравала парашут на вузенькую прагаліну паміж дрэвамі. Шчарбатаў.
[Фр. parachute.]
парашутава́нне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. парашутаваць.
парашутава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.
Спец. Спускаючыся, паляцець (ляцець) з крайне малой хуткасцю (пра самалёт, аэрастат).
парашу́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да парашута. Парашутны шоўк. // Прызначаны для скачкоў з парашутам. Парашутная вышка.
2. У склад якога ўваходзяць парашутысты. За паўгадзіны да захаду сонца, у поўным бязлюддзі ўсюды навокал, па той бок лесу,.. сеў парашутны дэсант. Чорны.
парашуты́зм, ‑у, м.
Скачкі з парашутам з самалёта, аэрастата як від спорту. Такое працяглае знаходжанне ў паветры з разгорнутым парашутам адзначаецца ў гісторыі парашутызму ўпершыню. «Беларусь».
парашуты́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Той, хто займаецца парашутызмам. Школа парашутыстаў. // Той, хто скача з парашутам. Бацька падышоў да камандзіра і сказаў яму, што каля аўтастрады заселі фашысцкія парашутысты і абстрэльваюць машыны. Рамановіч.
парашуты́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да парашутыст.