папле́цены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паплесці (у 2 знач.).
папле́ціна, ‑ы, ж.
1. Прут, якім прымацоўваецца салома да лат пры крыцці страхі. Сарваўшы кастрыцу з вільчыка, вецер адарваў паплеціну і раскрыў цэлы рад саломы. Пальчэўскі. Больш за тыдзень Адам са сваімі памочнікамі крыў абору. Хлопцы-падлеткі надавалі яму кулі, паплеціны. Сабаленка.
2. Абл. Жэрдка (лата, прут, дошка), якая кладзецца на кроквы. Вывеў стары цясляр зруб, паставіў кроквы, прыбіў паплеціны. Якімовіч.
папле́чнік, ‑а, м.
Таварыш па справе, саўдзельнік; саратнік. Паплечнікі па працы. Паплечнікі па барацьбе. □ Тут сёння партызаны — Паплечнікі, сябры Расклалі на палянах Высокія кастры. Панчанка. Дудар быў адным з бліжэйшых сяброў і паплечнікаў Чарота ў высакароднай справе сцвярджэння новай беларускай савецкай літаратуры. Звонак.
паплёскацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Плёскацца некаторы час.
паплёскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Плёскаць некаторы час.
паплёскваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Плёскаць злёгку або час ад часу. Было ціха. Толькі паплёсквала аб бераг Свіслач. Васілеўская.
паплёт, ‑у, М ‑лёце, зб., м.
1. Пруты, пры дапамозе якіх салома прывязваецца да лат пры крыцці страхі саломай.
2. Абл. Жэрдкі (латы, пруты, дошкі), якія насцілаюцца на кроквы. Страха знізу нібы ззяла: жоўценькі паплёт, жоўценькая салома. Мележ.
паплёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Пляваць час ад часу. Мікалай Крываносы сядзеў на прызбе і паплёўваў сабе пад ногі. Чорны.
паплі́н, ‑у, м.
Шаўковая, паўшаўковая або баваўняная тканіна з дробным папярочным рубчыкам.
[Фр. popeline.]