палюбо́ўнік, ‑а, м.
Мужчына ў адносінах да жанчыны, з якою знаходзіцца ў пазашлюбнай палавой сувязі.
палюбо́ўніца, ‑ы, ж.
Жанчына ў адносінах да мужчыны, з якім знаходзіцца ў пазашлюбнай палавой сувязі.
палюбо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Заснаваны на ўзаемнай згодзе. Палюбоўная здзелка.
2. Любоўны; ласкавы. Сярод гандлёвых гутарак і чыннасцей ішлі палюбоўныя прызнанні. Гартны.
палю́ддзе, ‑я, н.
У старажытнай Русі — збор даніны з княжацкіх васалаў.
палюдне́ць, ‑ее; зак.
Разм. Стаць, зрабіцца больш людным, мнагалюдным. Я тушу святло, акно адчыняю насцеж і, падпёршы рукамі падбародак, гляджу на тратуар, які палюднеў, ажыў. Сачанка.
палюля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Люляць, калыхаць на працягу нейкага часу.
палю́цыя, ‑і, ж.
Спец. Міжвольнае вывяржэнне семені ў мужчын, якое адбываецца ў сне.
[Ад лац. pollutio.]
палю́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўсё спапяляе; спякотны, гарачы. Усё гіне пад палючым індыйскім сонцам. Маўр. // Які дае адчуванне апёку. У лесе буяла мноства злой, палючай лясной крапівы. Мележ.
2. перан. Нясцерпны, пякельны. Палючы боль.
па́ля, ‑і, ж.
1. Бервяно, брус, забітыя ў грунт, якія служаць апорай розным пабудовам, збудаванням. Над замеценымі снегам берагамі нешырокай ракі выгнуўся мост на прысадзістых палях. Грахоўскі. Непадалёк ад прычалаў з вады, быццам чорныя іклы нейкага страшыдла, .. тырчалі вострыя абгарэлыя канцы паляў. Савіцкі.
2. Спец. Чыгунная тумба, да якой канатамі прымацоўваюць судна ў час стаянкі.
палява́нне, ‑я, н.
1. Пошукі і праследаванне дзікіх звяроў або птушак з мэтай знішчэння ці лоўлі; занятак паляўнічага. Залатой восенню, удваіх, мы паехалі ў палескія лясы на паляванне. Гурскі. Зараз усе краіны.. прынялі закон аб забароне палявання на белых мядзведзяў. Матрунёнак.
2. Дзеянне паводле дзеясл. паляваць (у 2, 3 знач.) і стан паводле дзеяслова паляваць (у 4 знач.).