Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паплаве́ц, ‑лаўца, м.

Невялікі поплаў. Давёўшы разору да прырэчнага паплаўца, [Міхась] гукнуў да Ніці: — Хопіць на сёння. Якімовіч. [Жанчына] спусцілася з падгнілага ганка на маленькі дворык, адгароджаны ад вялікага нізкай агароджай.. Скрозь была трава, мятліца — як паплавец які перад ганкам. Чорны.

паплаво́к 1, ‑паўка, м.

1. Частка вуды, якая ўтрымлівае лёску з кручком у час лову на патрэбнай глыбіні. Складаецца.. [вуда] з вудзільна, лескі, паводка, паплаўка, груза і кручка. Матрунёнак. Рыба не клявала, і круглы чырвоны паплавок нерухома ляжаў на вадзе. Чыгрынаў. // Прыстасаванне да рыбалоўнай сеткі, якое трымае яе на пэўнай глыбіні. Грымяць лябёдкі — і за бортам сетка, І рабізной на хвалях — паплаўкі. Звонак.

2. Надзьмуты паветрам прагумаваны мех, які выкарыстоўваюць як апору пры тэрміновым навядзенні мастоў, паромаў. Сапёры павялі.. пантонную пераправу. Гэта такі часовы мост, які трымаецца на паплаўках. Юрэвіч. Шыпяць паплаўкі, выходзіць з іх паветра, і ўсё ніжэй і ніжэй нахіляецца плыт. Лынькоў.

3. Прыстасаванне для ўзлёту і пасадкі гідрасамалётаў.

4. Спец. Асноўная частка некаторых прылад. Паплавок карбюратара.

паплаво́к 2, ‑лаўка, м.

Тое, што і паплавец. Перад самаю вёскаю вол забаставаў: звярнуў з дарогі на паплавок. Марціновіч.

папла́кацца, ‑плачуся, ‑плачашся, ‑плачацца; зак.

Разм. Плакацца некаторы час.

папла́каць, ‑плачу, ‑плачаш, ‑плача; зак.

Плакаць некаторы час. Паплакала Аксіння, пасварылася на сваю дачушку, а потым змірылася. Асіпенка. [Любе] далі паплакаць, выліць слязьмі цяжкое гора. Шамякін.

паплаўко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паплаўка. Паплаўковая вуда. Паплаўковая камара.

паплаўні́чы, ‑ага, м.

Гіст. Палявы вартаўнік.

паплаўцы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да поплаву. Паплаўцы бераг замакрэў, — пачыналася адліга. Чорны. Пад павеццю, відаць, скінутае наспех, ляжала з воз зялёнага паплаўнога сена. Ракітны.

паплаці́цца, ‑плачуся, ‑плацішся, ‑плаціцца; зак.

Панесці страту, быць пакараным у адплату за што‑н. Янук паверыў здрадніку — і жорстка паплаціўся за гэту даверлівасць. Бярозкін.

•••

Паплаціцца галавой (жыццём) — загінуць.

папле́сці, ‑пляту, ‑пляцеш, ‑пляце; ‑пляцём, ‑плецяце; пр. паплёў, ‑пляла, ‑пляло; заг. папляці; зак., што.

1. і без дап. Плесці некаторы час.

2. Сплесці — пра ўсё, многае. [Мазалёк:] — Там, можа, хлеба кавалка няма, сядзяць, можа, на попеле.. Дзяцей жа, сам гаварыў, поўная хата. Пайдзі хоць лапцікі на зіму папляці... Брыль.

3. Разм. Пачаць гаварыць што‑н. без сэнсу, не думаючы. [Юльян Іванавіч] ад яды, піва і цяпла зусім раскіс, паплёў нешта несусветнае. Місько.

папле́сціся, ‑плятуся, ‑пляцешся, ‑пляцецца; ‑пляцёмся, ‑плецяцеся; пр. паплёўся, ‑плялася, ‑плялося; зак.

1. Пайсці павольна, не спяшаючыся або з намаганнем. Шоргаючы па халявах плашчом, Арцём паныла паплёўся ад свайго шалаша — адзінай будовы на кургане. Ракітны. Апіраючыся на плячо жанчыны, .. [Васіль] паплёўся ўздоўж акопа. Няхай.

2. Сплесціся, пераплесціся. [Мар’я:] — Пасадзіла я летась тут гарбузы. Дык бацвінне, як лаза, паплялося, на плот вешала. Паўлаў.