пастра́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.
Страшыць некаторы час; папужаць. — А мяне арыштуюць ці не? — Не. Але пастрашыць могуць. Бажко. — Ну, не разыходзься так, — а то завярнуся і пайду, — пастрашыў ён жонку, вешаючы на ашэстак кажух. Колас.
пастро́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пастроіць.
пастро́іцца, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.
Стаць у строй, размясціцца ў нейкім парадку. Падаў каманду лейтэнант Пастроіцца ў рады. Броўка. Ды вось дзяўчаткі пастроіліся па дзве і, трымаючыся за рукі, пайшлі. Брыль. Раніцою батальён пастроіўся на пляцы. Грахоўскі.
пастро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.
Паставіць у строй, расставіць у пэўным парадку. Пастроіць у калону. Пастроіць у шарэнгу. □ Лясніцкі пастроіў разведчыкаў і падзякаваў ім за паспяховае выкананне задання. Шамякін. Перад самым адыходам Мошкін пастроіў свой атрад. Кулакоўскі. На пероне пастроілі .. [зняволеных] чацвёркамі, акружылі з усіх бакоў жандарамі і павялі. Мядзёлка.
пастро́нкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да пастронкаў.
пастро́нкі, ‑аў; адз. пастронак, ‑нка, м.
Частка збруі — рамяні (вяроўкі), якія злучаюць ворчык з хамутом пры запраганні каня ў плуг, барану. [Конь] увагнуў галаву, напяліся пастронкі і плуг урэзаўся ў мяккую зямлю. Грахоўскі.
паструга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Перастругаць усё, многае.
2. і без дап. Стругаць некаторы час.
пастрыга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да пастрыгчыся.
2. Зал. да пастрыгаць.
пастрыга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пастрыгчы.
пастры́гчы, ‑стрыгу, ‑стрыжаш, ‑стрыжэ; ‑стрыжом, ‑стрыжаце, ‑стрыгуць; пр. пастрыг, ‑ла; заг. пастрыжы; зак.
1. што. Абрэзаць, падкараціць, падраўняць. Пастрыгчы газон. // каго-што. Абрэзаць, падкараціць нейкім чынам каму‑н. валасы, поўсць. Пастрыгчы авечку. □ [Люба:] «А я, здаецца, таксама пайшла б у армію. Пастрыгла б валасы, апранула мужчынскае адзенне, ды на каня...» Кучар.
2. каго. Справіць над кім‑н. абрад пострыгу.