папіха́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. папіхаць.
папіха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Адштурхвацца ад чаго‑н. Шастом студэнт час ад часу папіхаецца, дапамагаючы плыні. Брыль.
2. Зал. да напіхаць.
папіха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што. Штурхаючы або падштурхваючы, прымушаць ісці куды‑н. або перамяшчаць у якім‑н. напрамку. Я далікатна, але настойліва папіхаў худую спіну Апанаса Прохаравіча да дзвярэй. Пянкрат. Чалавек у чырвонай шапцы і начальнікі з ліхтарамі папіхаюць паравоз ззаду. Самуйлёнак.
2. перан.; каго. Абыходзіцца зняважліва з кім‑н. Даўно.. [Платон] ведаў Юрку Хмялеўскага — працаўніка і гаротніка, якога і тут, у маёнтку, папіхалі хто куды хацеў. Чарнышэвіч.
папіха́ч, ‑а, м.
Разм.
1. Чалавек, якому даручаюць паскорыць якую‑н. справу.
2. Тое, што і папіхіч. [Максім:] — Не ўмееш гаспадарку сваю весці, бо .. не хітры ты чалавек... Папіхач — куды пхнуць, туды і ідзеш. Капыловіч.
папі́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Тое, што і папіхаць (у 1 знач.). Поезд крануўся. Злазь хутчэй, а то не паспееш! Паўлік паволі ідзе ў калідорчык. Кандуктар папіхвае. Сташэўскі.
папі́хіч, ‑а, м.
Разм. Чалавек, якім панукаюць, зняважліва распараджаюцца, камандуюць.
папі́ць, ‑п’ю, ‑п’еш, ‑п’е; ‑п’ём, ‑п’яце; пр. папіў, ‑піла, ‑піло; заг. пані; зак., што і чаго.
1. Выпіць, напіцца чаго‑н. Поўдзень. Духата. Адны пасажыры пабеглі пашукаць чаго папіць, другія выйшлі проста размяцца. Ракітны. — Піць хачу, — сказала .. [Зося]. — Можна папіць вады? Хомчанка.
2. Выпіць усё, многае. [Жагула:] — Проша, госцікі, да стала. Папіць гарэлку мы і без мужыка патрапім. Крапіва.
3. і без дап. Піць некаторы час.
папішча́ць, ‑пішчу, ‑пішчыш, ‑пішчыць; зак.
Пішчаць некаторы час. [Мікалай Барысавіч:] — Ты, Ганулька, пацярпі. Папішчаць [дзверы] дзень-другі і супакояцца. Пянкрат.
па́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Вокладка з кардону, скуры і пад. для захоўвання папер, малюнкаў і пад. Галоўны інжынер уважліва праглядаў паперы ў папцы, што ляжала ў яго на каленях. Карпаў. Адзін з.. [харыстаў] — той, што выконваў абавязкі бібліятэкара, — застаўся збіраць папкі з нотамі. Мехаў. // Від партфеля (звычайна без ручак). Хадзіў.. [выкладчык] у капелюшы, заўсёды пры гальштуку, насіў з сабой не партфель,.. а жоўтую папку. Ермаловіч.
папла́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Плаваць некаторы час. Мы рашылі яшчэ раз у сённяшні дзень паплаваць па Прыпяці і асвяжыць сябе яе чыстаю, вечна імкліваю .. вадзіцаю. Сташэўскі.