Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пара́да, ‑ы, ДМ ‑радзе, ж.

1. Прапанова як дзейнічаць, рада. Людзі з суседніх вёсак часамі ішлі да .. [настаўніка] за нарадай, чым вывесці вусень .. або якія гатункі садавіны лепей да чаго прышчэпліваць. Васілевіч. — Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэліш! — дапамагаў Міколка сваімі парадамі. Лынькоў.

2. Сумеснае абмеркаванне чаго‑н., кароткая нарада. Ідучы дружнаю параю, [а. Мадэст і Нішкевіч] часамі прыпыняліся на вуліцы і рабілі кароткую параду, куды зайсці? Колас. І тады пастух Арцём аратых Склікаў разам для парады. Зарыцкі.

пара́давацца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.

Адчуць радасць, задавальненне. Рука ў хлопца мазолістая, працавітая, сціснуў ён бацькаву так, што Іван Васільевіч, сам чалавек дужы, не беларучка, парадаваўся яго сіле. Шамякін.

пара́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., каго.

Прынесці радасць каму‑н., абрадаваць. Кожнаму хацелася дапамагчы дзяўчынцы, парадаваць яе. Арабей.

пара́дак, ‑дку, м.

1. Правільная, наладжаная сістэма размяшчэння чаго‑н.; належны стан чаго‑н. Прывесці ў парадак кватэру. □ Ля хаты Кліма Мінчонка поўны парадак, тут не ўбачыш нічога лішняга, непатрэбнага. Кавалёў. [Вера і Канькоў] абышлі кашару, агледзелі бітоны, вёдры, саламарэзку. Усюды чысціня, парадак. Асіпенка. // у знач. вык. Разм. Правільна, добра; як належыць. Першае звяно эскадрыллі Мохарта праверыла работу матораў. Парадак! Алешка.

2. Устаноўлены лад, план, сістэма кіравання. Знішчэнне капіталізму, увядзенне асноў камуністычнага парадку стала асноўным зместам сацыяльнага прагрэсу. «Звязда».

3. Расклад, распарадак; спосаб. Шмат.. суседзяў .. [Пніцкага] таксама, як і ён, уцягваліся ў новы парадак жыцця, адрываючыся ад старога. Чорны. // Звычай. Маладая сама хадзіла да суседзяў — такі ўжо вядзецца здаўна ў беларускіх вёсках парадак, — запрашала да сябе на вяселле. Васілевіч. Насуперак заведзенаму парадку, прыгнечаны Максім Сцяпанавіч не паехаў адразу на дачу, а папрасіў Федзю збочыць спачатку дамоў. Карпаў. // Правілы паводзін, якія склаліся дзе‑н., закон. А за сталом маўчком сядзелі. Там хлопцы гыркацца не смелі, Бо там парадак вельмі строгі, Там падпілуюць табе рогі, Калі парушыш дысцыпліну. Колас.

4. Пэўная паслядоўнасць, устаноўлены ход чаго‑н., чарговасць. Алфавітны парадак. □ На адным участку прыдумалі, як змяніць парадак паступлення дэталяў на лінію. Шыцік. Віктар Сяргеевіч падышоў да хлопцаў і расказаў ім аб парадку работы: першая група спачатку пойдзе церабіць кусты і ачышчаць рабочую пляцоўку, другая, услед за ёй, будзе знімаць верхні здзірванелы пласт, трэцяя — глыбей урывацца ў грунт. Якімовіч.

5. Спосаб, метад, правілы ажыццяўлення чаго‑н. Парадак аплаты працы. □ [Важатая], расказала аб парадку прыёму ў піянеры і, урэшце, прадыктавала тэкст урачыстага абяцання. Якімовіч.

6. звычайна ў Р. Разнавіднасць, род, тып чаго‑н. Пытанні агульнага парадку.

7. Вайсковае пастраенне, строй. І танк наляцеў на парадкі пяхоты; крычалі ад жаху зялёныя роты. Вялюгін. Асобныя групы, калі маглі, прасочваліся праз баявыя парадкі карнікаў, і наносілі ім удары з тылу. Няхай.

8. Група блізкароднасных сямей у сістэматыцы жывёл і раслін.

•••

Парадак дня — пералік пытанняў, якія разглядаюцца ў пэўнай чарговасці на пасяджэнні, сходзе і пад.

Для парадку — а) для падтрымання, навядзення парадку; б) для захавання прынятых правіл, фармальнасцей.

Навесці (свае) парадкі гл. навесці.

Сваім парадкам — так, як заўсёды, як звычайна.

Такім парадкам — гэтак, так; такім чынам.

У адміністрацыйным парадку — паводле распараджэння органаў выканаўчай улады.

У рабочым парадку — у працэсе работы.

Усё ў парадку — а) у добрым стане, у спраўным выглядзе. [Механік:] — Не заводзіцца [машына]. Праверылі яе, здаецца, усё ў парадку, а вось капрызіць. Мяжэвіч; б) добра. — Ну як, Пятровіч, справы? — звярнуўся ён з парога яшчэ. — Ды ўсё ў парадку, Сцяпан Іванавіч. Пальчэўскі.

парадакса́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць парадаксальнага; неверагоднасць. Парадаксальнасць поглядаў.

парадакса́льны, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе парадокс, з парадоксам. Парадаксальныя вывады. □ Няма нічога неспадзяванага і парадаксальнага ў тым, што, гаворачы пра Івана Шамякіна, часам прыгадваюць імя Івана Тургенева. «Полымя».

параджа́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да параджаць.

параджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да парадзіць.

параджэ́нне, ‑я, н.

Тое, што пароджана, выклікана да жыцця кім‑, чым‑н.; вынік чаго‑н. Нацыянальная культура ўзнікае толькі на родным грунце, з’яўляецца параджэннем духоўных патрэб народа. Пшыркоў.

парадзе́лы, ‑ая, ‑ае.

Які парадзеў, стаў радзейшым. Дарога знікала з вачэй, не дайшоўшы да гасцінца, абапал якога стаялі, як старэнькія бабулькі, парадзелыя бярозы. Колас. Часта налятаў халодны, пранізлівы вецер, тады парадзелы лес шастаў шэрым голлем. Асіпенка. [Шыковіч] глянуў на рэдактара, які слухаў з сумным і збянтэжаным выразам на змораным твары, убачыў яго парадзелыя светлыя валасы, вялікія залысіны. Шамякін. // Які паменшаў па колькасці. Свідраль устаў, апрануў паліто і праціснуўся праз парадзелы натоўп да дзвярэй. Дуброўскі. // Які стаў менш густым, больш празрыстым. Парадзелы змрок.