Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

павалту́зіць, ‑тужу, ‑тузіш, ‑тузіць; зак., каго.

Разм. Валтузіць на працягу нейкага часу. Надзя павалтузіла .. [камандзіра] за плячо. Бураўкін.

пава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які ахоплівае ўсіх, многіх; пагалоўны. Павальныя вобыскі. □ [Міхась:] — Пасля нашага знаёмства пачаліся павальныя арышты. Хведаровіч. Пачаўся самы страшны — верхавы, ці так званы павальны пажар. Гавеман.

павалэ́ндацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Валэндацца некаторы час.

паваля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Валяцца на працягу нейкага часу. Хлопцы паспелі яшчэ раз і пакупацца і на пяску паваляцца. Хомчанка. Дзяніс не разумеў, што з ім.. Але нікому не скардзіўся і сам не хныкаў. Думаў, што паваляецца ў пасцелі, адаспіцца і трохі ачуняе. Гроднеў.

паваля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

Нахіліўшы, абярнуць усё, многае. Вецер паваляў усе стагі.

павандрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. Вандраваць некаторы час. Павандраваць па замежных краінах. Павандраваць па дарогах вайны. □ Паэт наведаў адроджаны Мінск, родныя пастаўскія мясціны, з якіх яго выгнала віхура першай сусветнай вайны, павандраваў па Палессі. Лойка.

2. Разм. Пайсці, накіравацца куды‑н. Сказаў Міхал і сам падняўся; За ім другія паўставалі І ў цёмны лес павандравалі. Колас.

паваражы́ць, ‑ражу, ‑рожыш, ‑рожыць; зак.

1. Адгадаць будучае або мінулае па картах, лініях рукі і пад. — Ну, паваражыце мне! — панна Людміла працягнула Лабановічу руку. Колас.

2. перан. Разм. Па-майстэрску, падобна чараўніку, папрацаваць над чым‑н. Бацька моўчкі павёў .. [хлопчыка] ў каюту, паваражыў над электроннай машынай, і з яе выпаўзла белая стужка з мноствам чорненькіх рысачак. Шыцік.

паварката́ць, ‑коча; зак.

Варкатаць некаторы час. Кот паваркатаў і сціх.

паваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. паварочваць — павярнуць (у 1, 3–6 знач.) і паварочвацца (у 1 знач.) — павярнуцца (у 1, 2 знач.). // Поза, у якой знаходзіцца цела або частка цела. [На фотакартках] са сцяны, у розных паваротах, паглядалі прыгожыя маладыя твары. Ракітны. // Пераход ад адной пары года да другой. У леце пачыналася ўжо тая ледзь значная змена, той паварот часу, калі жыццё прыроды ідзе на спад. Колас.

2. Месца, дзе дарога, рака, вуліца і пад. паварочвае, адхіляецца ўбок. Выйсці з-за павароту. □ Праз колькі хвілін параход схаваўся за паваротам ракі. Краўчанка. Машына рванулася ўперад і знікла за паваротам. Чарнышэвіч.

3. перан. Поўная змена ў развіцці, у становішчы, у ходзе чаго‑н. Паварот у жыцці. Паварот падзей. Паварот размовы. □ Варвара і разгубілася і абрадавалася адначасова ад такога нечаканага павароту справы. Васілевіч.

•••

Ад варот паварот — катэгарычная адмова на чыю‑н. просьбу, зварот.

паваро́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Дарога, якая адыходзіць у бок ад асноўнай магістралі. Неўзабаве паказалася паваротка ў Ліпск. Старшы механік прытармазіў і паволі з’ехаў з шашы на палявую дарогу. Паслядовіч. Перад.. [Шрэдарам] была брукаваная паваротка і надпіс на слупе: «На Сумлічы. Шэсць кіл[а]метраў». Чорны.

2. Разм. Тое, што і паварот (у 2 знач.). Паваротка, яшчэ раз паваротка, і дарога ўразаецца ў стары лес. А. Александровіч.

•••

Зрэзаць паваротку гл. зрэзаць.