нажы́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад нажыць.
2. у знач. прым. Набыты паступова. Нажытае багацце. Нажыты вопыт.
3. у знач. наз. нажы́тае, ‑ага, н. Тое, што нажыта, набыта; нажытак. Нажытае нялёгка пакідаць На здзек і глум раз’юшанай арды. Танк.
нажыўны́, ‑ая, ‑ое.
Такі, які можна нажыць, набыць. [Аляксандра] добра ведала лес у абсягу дзесяці-дваццаці вёрст. І яшчэ ў яе было чуццё на грыбы.. Але і тое, і другое — дар, як кажуць, нажыўны. Навуменка. [Сцяпан:] — Да ведаў яшчэ трэба вопыт.. — А вопыт — справа нажыўная. Пянкрат.
нажы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.
1. Быць набытым, купленым. Вопыт з гадамі нажывецца. □ [Маці:] — Людзі жывуць [і на дзвюх дзесяцінах.] — А гэта — што папродаем увесь свой абыходак — дык яно, жывучы, нажывецца зноў... Чорны.
2. Атрымаць прыбытак, абагаціцца. Сенатар куплены, ліхвяр, банкір Нажыцца хочуць на крыві і смерці. Зарыцкі.
3. Разм. Пражыць нейкі час; доўга, многа пажыць. [Марына:] — Хопіць, нажылася я з табой. Нікому не пажадала б такога шчасця. Шахавец. — От і жыццё: якіх дваццаць гадоў жанчыне, не нажылася, а ўжо ўдава, сын — сірата, — самотна закончыла маці. Марціновіч.
нажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.
1. што і чаго. Набыць паступова, назапасіць. — Якая там гаспадарка, — махнуў рукою Тарэнта. — Мусіць, ніколі ўжо яе не нажыву. Галавач. — Мілы браце! У чужой хаце Не нажыць табе багацця. Колас. // Набыць, купіць што‑н. Надзейны я нажыў карэц, Заўсёды п’ю ім квас. Непачаловіч.
2. каго-што і каго-чаго. Атрымаць, набыць (звычайна што‑н. непрыемнае, непажаданае). Нажыць гора. Нажыць сораму. Нажыць ворага. □ Мы ў зямлянках Чэрствы хлеб жавалі, Рэўматызмы Дружна нажывалі. Панчанка.
3. Разм. Пражыць нейкі час (звычайна нядоўгі). У гасцях доўга не нажывеш.
нажэ́рці, ‑жару, ‑жарэш, ‑жарэ; ‑жаром, ‑жараце; зак., што і чаго.
Груб.
1. і без дап. З’есці ў нейкай колькасці або на нейкую суму.
2. У выніку добрай яды атрымаць, нажыць што‑н. Нажэрці карак.
нажэ́рціся, ‑жаруся, ‑жарэшся, ‑жарэцца; ‑жаромся, ‑жарацеся; зак.
Груб. Наесціся праз меру.