Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

надаўга́д, прысл.

Разм. Тое, што і наўгад.

надаўжэ́й, прысл.

На больш доўгі, працяглы тэрмін. Хапіць надаўжэй.

нада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. надаў ‑ла, ‑ло; заг. надай; зак.

1. што. Даць, прыдаць чаму‑н. якую‑н. форму, выгляд, якасць, уласцівасць і пад. Надаць законную сілу дакументу. Надаць бляск падлозе. □ Высокай каронай ляглі .. [валасы] вакол галавы, падалі твару адбітак нейкай асаблівай жаночай велічнасці. Васілевіч. — Ну, чым не палескія рабінзоны?! — стараючыся надаць свайму голасу бадзёрасць, прамовіў Андрэй. Скрыпка.

2. што. Надзяліць каго‑н. чым‑н. (званнем, правам, паўнамоцтвамі і пад.). Надаць чын капітана. □ — Чаму невясёлы? — запытаў я. — Вам жа першаму ў рэспубліцы надалі годнасць народнага артыста! Рамановіч. // Даць назву чаму‑н. Ах, гэты край нізін і круч, Равы, суглінкавыя пашы... Табе ў адзнаку — Беларусь Надалі назву продкі нашы. Таўбін.

3. перан.; што. Аднесціся, паставіцца да чаго‑н. так ці іначай. Назаўтра Кулікоўскі не бачыў Будніка, аднак не надаў гэтаму значэння. Галавач. Маці нібы і не чула ці не надала ўвагі.. [Міхасёвым] словам. Сіўцоў.

4. што і чаго. Павялічыць, зрабіць больш прыкметным што‑н. у кім‑, чым‑н. Надаць адвагі. Надаць сіл. □ Смелы тон слоў Закрэўскага і ўся яго вытрымка надалі фурманшчыку смеласць. Чорны. Сутычка з паліцыяй не спалохала рабочых, але абурыла і надала больш рашучасці. Шамякін.

5. безас. або ў спалучэнні са словамі «чорт», «чэрці» і пад., каму і з інф. Разм. Зрабіць што‑н. непатрэбнае, непажаданае, недарэчнае. [Дзед:] — Надалі чэрці Якушу звязацца з муляровай дачкой. Скрыган.

надаяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да надаесці.

надба́вачны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да надбаўкі (у 2 знач.). // З надбаўкай. Надбавачная цана.

надба́віць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак., што і чаго.

Разм. Тое, што і набавіць.

надба́ўка, ‑і, ДМ ‑баўцы, ж.

Разм.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. надбавіць.

2. Надбаўленая сума. Сход парашыў выдаць маладзёжнаму звяну працэнтную надбаўку натураю. Кулакоўскі.

надба́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад надбавіць.

надбаўля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да надбаўляць.

надбаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да надбавіць.