надаць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. надаў ‑ла, ‑ло; заг. надай; зак.

1. што. Даць, прыдаць чаму‑н. якую‑н. форму, выгляд, якасць, уласцівасць і пад. Надаць законную сілу дакументу. Надаць бляск падлозе. ▪ Высокай каронай ляглі .. [валасы] вакол галавы, падалі твару адбітак нейкай асаблівай жаночай велічнасці. Васілевіч. — Ну, чым не палескія рабінзоны?! — стараючыся надаць свайму голасу бадзёрасць, прамовіў Андрэй. Скрыпка.

2. што. Надзяліць каго‑н. чым‑н. (званнем, правам, паўнамоцтвамі і пад.). Надаць чын капітана. ▪ — Чаму невясёлы? — запытаў я. — Вам жа першаму ў рэспубліцы надалі годнасць народнага артыста! Рамановіч. // Даць назву чаму‑н. Ах, гэты край нізін і круч, Равы, суглінкавыя пашы... Табе ў адзнаку — Беларусь Надалі назву продкі нашы. Таўбін.

3. перан.; што. Аднесціся, паставіцца да чаго‑н. так ці іначай. Назаўтра Кулікоўскі не бачыў Будніка, аднак не надаў гэтаму значэння. Галавач. Маці нібы і не чула ці не надала ўвагі.. [Міхасёвым] словам. Сіўцоў.

4. што і чаго. Павялічыць, зрабіць больш прыкметным што‑н. у кім‑, чым‑н. Надаць адвагі. Надаць сіл. ▪ Смелы тон слоў Закрэўскага і ўся яго вытрымка надалі фурманшчыку смеласць. Чорны. Сутычка з паліцыяй не спалохала рабочых, але абурыла і надала больш рашучасці. Шамякін.

5. безас. або ў спалучэнні са словамі «чорт», «чэрці» і пад., каму і з інф. Разм. Зрабіць што‑н. непатрэбнае, непажаданае, недарэчнае. [Дзед:] — Надалі чэрці Якушу звязацца з муляровай дачкой. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)