Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паляры́метр, ‑а, м.

Спец. Прылада для вызначэння ступені палярызацыі святла, а таксама для вымярэння вугла павароту плоскасці палярызацыі святла.

[Ад лац. polaris — палярны і грэч. metréō — мераю.]

паляры́на, ‑ы, ж.

1. Кароткая круглая накідка на плечы, часам з капюшонам. Вось важна [пераступіў] парог нейкі казначэйскі чыноўнік у шырокай палярыне. Гартны.

2. Вялікі круглы каўнер. Перад аналоем стаялі Максім з Верай, а за аналойчыкам, перад маладымі — айцец Ігнат у чорнай сутане з белай палярынай. Машара.

[Фр. pélerine.]

палярыско́п, ‑а, м.

Спец. Прылада для выяўлення частковай палярызацыі святла.

[Ад лац. polaris — палярны і грэч. skopéō — гляджу.]

паляската́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.

Ляскатаць некаторы час.

паля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Ляскаць некаторы час. Паляскаць пугай. Паласкаць костачкамі лічыльніка. Паляскаць зубамі.

паля́скванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. паляскваць — паляскаць.

паля́скваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Ляскаць час ад часу. Паляскваюць на стыках рэек вагонныя колы, усё часцей і часцей, гучней і задзірысцей. Шынклер. Пастушок бег па вуліцы і паляскваў вузлаватаю пугаю. Чорны.

палясо́ўшчык, ‑а, м.

Лясны вартаўнік, ляснік. Ён [пан] запрасіў мельніка Барткевіча да сябе ў маёнтак і запрапанаваў яму службу палясоўшчыка. Бядуля.

палята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Лятаць некаторы час, пабыць некаторы час у палёце. — А ведаеце... — нарэшце сказаў Пішчыкаў. — Я хачу з вамі палятаць. Алешка.

паляту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Жывёліна атрада грызуноў, падобная на вавёрку, пярэднія ногі якой злучаны з заднімі шырокай лятальнай перапонкай. У палятухі — «сваячкі» вавёркі — паміж пярэдняй і задняй лапамі ўтварылася перапонка, якая дапамагае ёй пералятаць з дрэва на дрэва. Гавеман.