напы́шлівасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць напышлівага. Напышлівасць мовы. Напышлівасць выгляду.
2. Празмерная важнасць, ганарлівасць. З.. твару адразу знікла напускная ганарлівасць і напышлівасць. Галавач.
напы́шлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Празмерна важны, ганарысты; поўны важнасці, ганарыстасці. Напышлівы і ганарлівы, .. [Вайтовіч] ехаў следам за польскім войскам, ачмураным марамі Пілсудскага. Пальчэўскі. Цяпер Дывінцу было прыкра за тое сваё прыніжэнне, за тую ўступку, што была зроблена напышлівай Адзелаідзе Сяргееўне. Асіпенка. // Які выражае важнасць, ганарыстасць. Напышлівы выгляд.
2. Празмерна ўрачысты, штучны ў сваім выражэнні. Напышлівая прамова. □ Сапраўдны подзвіг заўсёды сціплы, як і сапраўдны герой, ад якога ніколі не пачуеш пахвальбы і напышлівых тырад. Казека. Я заўсёды баюся напышлівых выцвілых слоў, што звіняць, як жабрацкая медзь у асенняй журбе. Вялюгін.
напэ́ўна, прысл.
1. Беспамылкова, з разлікам; без рызыкі. Крайко, што называецца, дзейнічаў заўсёды напэўна, ён не любіў працаваць прыблізна, абы-як. Ваданосаў.
2. у знач. пабочн. Мабыць, хутчэй за ўсё. У седлавіне, напэўна, быў перавал, туды вяла сцежка. Быкаў. Гукун брыўся паволі, не спяшаючыся. Напэўна, тут, у лясным гушчары, ён адчуваў сябе спакойна. Нядзведскі.
напэ́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Нарабіць бруду; запэцкаць што‑н. Напэцкаць на падлозе.
2. перан. Зрабіць дрэнна, нядбайна. Звалі [памяшканне] з недаробкамі, напоркалі, напэцкалі, нібы гэта рабілі, гуляючы, самі выхаванцы дзіцячага садзіка. «Вожык».
напява́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. напяваць.
напява́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да напяваць.
напява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да напець.
2. што і без дап. Ціха, напаўголасу пець. Напяваць мелодыю. Напяваць песню. □ Усю дарогу.. [Якуб] адбівае ваенны шаг, размахвае рукамі і напявае сам сабе. Якімовіч.
напяка́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да напячыся.
2. Зал. да напякаць.
напяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да напячы.
напярэ́дадні, прысл. і прыназ.
1. прысл. Непасрэдна перад якім‑н. днём, перад якой‑н. падзеяй. Гарачыня пачала спадаць. Напярэдадні прайшоў дождж, прыбіў пыл, паветра было чыстым і свежым. Шахавец.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «напярэдадні» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на перыяд, з’яву, падзею, у неакрэслены прамежак часу перад якімі што‑н. адбываецца. Аднойчы, ужо зусім напярэдадні вызвалення, Толя заехаў у сямейны лагер брыгады і прывязаў.. [каня] каля зямлянкі Нагорных. Брыль. Напярэдадні майскага свята механічны цэх зноў узяў самыя высокія абавязацельствы. Шыцік.