Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паласа́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць паласатага. Паласатасць апярэння птушак.

паласа́ты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты палосамі; з афарбоўкай у палоску. У чаўне, на дне яго, стаіць .. мужчына ў паласатай матроскай кашулі. Галавач. Да паласатага шлагбаума спускалася чародка малышоў у белых панамках. Даніленка. / Пра жывёлу, якая мае афарбоўку ў выглядзе палос. Паласатая зебра. / У спалучэнні са словам «чорт» як лаянка. Зайздрошчу я табе, чорт паласаты! Васілевіч.

паласа́цік, ‑а, м.

Род буйных кітоў з падоўжнымі складкамі на скуры горла і жывата.

паласкаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць больш ласкавым, лагодным, спагадлівым. Выцягваю з кішэні 140 франкаў і аддаю правадніку. Паязны служка адразу паласкавеў. Філімонаў.

паласка́льніца, ‑ы, ж.

У чайным сервізе — пасудзіна для апалосквання пасуды.

паласка́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць, прызначаны для паласкання. Паласкальная міска.

паласка́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. паласкаць (у 1, 2 знач.).

2. Лекавая вадкасць (настой, раствор і пад.), якой палошчуць рот, горла.

паласка́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паласкаць (у 1, 2 знач.).

паласка́цца, палашчуся, палошчашся, палошчацца; незак.

1. Купацца, мыцца шумна, пырскаючыся. Дзеці ўвесь дзень палошчуцца ў рацэ. // Апускацца ў што‑н. вадкае, сыпкае, узмахваючы крыламі (пра птушак). [Куры] паласкаліся ў пяску, у градах, у крапіве, ля плота... Пестрак.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Разм. Калыхацца, удараючыся аб што‑н. з плёскатам. Палошчуцца хвалі аб каменны мол, і яхта на хвалях — як лялька. Дудар.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трапятацца на ветры. Кавалак.. брызенту, нібы на развітанне былым спадарожнікам Міхася, доўга яшчэ мігатліва паласкаўся над кузавам. Б. Стральцоў. Побач з брыгадай палошчацца на ветры палатно чырвонага сцяга. Галавач.

4. Зал. да паласкаць (у 1, 2 знач.).

паласка́ць, палашчу, палошчаш, палошча; незак., што.

1. Прамываць, абмываць, апускаючы ў ваду. Пад мостам, стоячы па калені ў вадзе, жанчына паласкала бялізну. Лобан. І маці стол ужо прыбрала, Пасуду, лыжкі паласкала. Колас. // Заліваючы або паліваючы, абмываць. Шыбы паласкаў дождж, але праз іх яшчэ добра былі відаць апошнія ружы. Федасеенка.

2. Прамываць рот, горла, зубы з мэтай дэзінфекцыі, лячэння. Назаўтра раніцаю доктар Пфэрдсан абматаў .. [Гендарсану] твар бінтам, даў нейкую вадкасць паласкаць рот. Чарнышэвіч.

3. Развяваць што‑н., хлопаць чым‑н. (пераважна пра вецер). А побач гмах на люднай плошчы Асветлен сонцам веснавым, І вецер горды сцяг палошча Над родным горадам маім. Звонак.