палаві́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які складае палавіну чаго‑н.; няпоўны. Палавінная цана.
2. Гіст. Заснаваны на аддачы палавіны ўраджаю ўласніку зямлі за карыстанне ёю. Палавінная арэнда.
палаві́нчатасць, ‑і, ж.
Уласцівасць палавінчатага (у 2 знач.). Станіслаў дакараў сябе за нейкую нерашучасць, палавінчатасць характару, асабліва ў інтымных справах. Сабаленка.
палаві́нчаты, ‑ая, ‑ае.
1. Спец. Які складаецца з дзвюх розных частак, палавін.
2. перан. Пазбаўлены паслядоўнасці; кампрамісны. Палавінчатыя меры. Палавінчаты характар буржуазнай рэвалюцыі.
палаві́ншчык, ‑а, м.
Разм.
1. Той, хто мае палавіну паю ў якой‑н. справе або валодае якой‑н. маёмасцю ўдваіх з кім‑н.
2. Гіст. Селянін, які арандуе зямлю напалавіну.
палаві́ншчына, ‑ы, ж.
Гіст. Від зямельнай арэнды, пры якой палавіна сабранага ўраджаю аддаецца ўласніку зямлі за карыстанне ёю.
палаві́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
Лавіраваць некаторы час.
палаві́ць, ‑лаўлю, ‑ловіш, ‑ловіць; зак., каго-што.
1. Злавіць усіх, многіх або ўсё, многае. Сабраліся хлопцы, зрабілі ў лесе аблаву і палавілі.. [зладзеяў]. Якімовіч. Таня глядзіць на матылёў, і ёй хочацца саскочыць з воза і палавіць іх у жменю. Пташнікаў.
2. і чаго, а таксама без дап. Лавіць некаторы час. Пілаваць сёння дровы.. [Юрку] не вельмі хацелася. Лепш бы з хлопцамі на возера пайсці, рыбы палавіць. Курто.
палавічо́к, ‑чка, м.
Памянш.-ласк. да палавік.
палавы́ 1, ‑а́я, ‑о́е.
Які мае адносіны да полу 1. Палавыя клеткі. Палавое размнажэнне. // Звязаны з адносінамі полаў.
палавы́ 2, ‑а́я, ‑о́е.
Які мае бледна-жоўты колер. Нельга было нічога ўбачыць, апрача палавога жытняга мора. Крапіва. Лучына гарыць [нявесела], як заўсёды. Угары ідзе ад яе палавы дым. Гарэцкі.
палагадне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў, зрабіўся больш лагодным, памяркоўнымі. — Разведку, значыць, даручаеш мне? — спытаў палагаднелы Мазалеўскі. Грахоўскі.