паку́тлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які прычыняе пакуты, мукі. Пасля пакутлівай галадоўкі.. [Максім і Давід] першы раз елі так смачна і сытна. Машара.
2. Які выяўляе пакуту, муку; выкліканы пакутай, мукай. Пакутлівы ад стомы і болю твар Максіма пасвятлеў. Чарнышэвіч. [Яўген] не мог гаварыць — прарваліся цяжкія пакутлівыя слёзы. Шамякін.
паку́тнік, ‑а, м.
Чалавек, які перанёс, пераносіць пакуты. — Што з табой было? — спытаў Мікола, калі Косця апрытомнеў. Пакутнік расказаў, як яго катавалі. Новікаў. Пакутнікі.., асуджаныя на смерць, сем год праседзелі ў амерыканскіх астрогах пад штодзённым страхам смерці. Машара.
паку́тніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пакутніка і пакутніцтва. Раманюк .. пакляўся адпомсціць ворагу і за пакутніцкую смерць Тараса і за ўсіх нас. Краўчанка. // Які выяўляе пакуты. Палкоўнік, злосны і зняможаны, адкінуўся на падушку, з пакутніцкім выглядам заплюшчыў вочы. Чорны.
паку́тніцтва, ‑а, н.
Стан, доля пакутніка. Наіўная рамантывацыя [у ранніх вершах Танка] праяўляецца ў адрыве пачуццяў ад жыццёвых сітуацый, у пакутніцтве лірычнага героя і таямнічай змрочнасці пейзажнага фону. У. Калеснік.
паку́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і пакутлівы (у 1 знач.). За час свайго замужжа Ганна прывыкла таіцца, хаваць у душы і пакутны боль, і тугу, і надзеі. Мележ.
2. Які пераносіць, церпіць пакуты. І выпрастаў плечы пакутны араты, і зніклі з лучынаю курныя хаты. Броўка.
пакуха́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
Разм. Кухарыць некаторы час.
пал, ‑у, м.
1. Разм. Тое, што і запал 1 (у 2 знач.). Пытанне, кінутае ў натоўп так проста і неспадзявана, ахаладзіла пал сялянскай злосці. Колас. Крэмез.. з палам даводзіў Размысловічу: — Укладзёмся да трыццатага. От пабачыш! Шынклер.
2. Абл. Павышаная тэмпература цела пры хваробе; гарачка. Сцягнуўшы з печы .. старую, вынашаную сівую суконную жакетку, [маці] ускінула на ногі [Тані]. — Гарыць агнём... Пал у дзяўчыны. Пташнікаў.
пала́, ‑ы; мн. полы, ‑аў; ж.
1. Тое, што і крысо. Полы кажушка канчаліся пашматованымі, абтрэпанымі лахманамі, якія .. пры ветры рабілі вельмі смешныя рухі. Колас.
2. Кавалак тканіны ў натуральную шырыню (як саткана); полка. На ёй [вясне] — хусцінка ў мігценні зор, На ёй — сукенка ў дванаццаць пол. Танк.