падвучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., каго-што.
1. Навучыць нямнога чаму‑н. Падвучыць слясарнай справе. // Дапамагчы лепш засвоіць што‑н., дадаткова навучыць чаму‑н. [Дзяўчынка], мусіць, не паспявала ў школе: кожнае лета да яе прыходзіла настаўніца — падвучыць. Адамчык. Настаўнік збіраўся ў недалёкім часе паехаць у Мікуцічы да сваіх сяброў і стараўся як мага болей падвучыць Ліду. Колас. // Вывучыць лепш. Падвучыць ўрокі. □ За час працы ў мылавара дзяўчына яшчэ падвучыла мову. Гурскі.
2. з інф. Падбіць, падгаварыць на што‑н. (часцей нядобрае). Падвучыць залезці ў чужы сад. □ — Гэты вось, Малец, — .. [Чэсь] тыцнуў рукой у грудзі Даніку, — падвучыў .. [хлопцаў] сабраць грошы... Брыль.
падвыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падвываць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Над галавою з металічным падвываннем пагрозліва гулі самалёты. Карпаў. Да яго вушэй раптам даляцела прыглушанае, густое падвыванне.. Міша прыпыніўся: там яшчэ гула малацьба. Арочка.
падвыва́ць, ‑ае; незак.
1. Выць час ад часу, нядоўга. [Сабака] адбегся ад чалавека і, круцячыся на месцы, падвываў за кожным сваім брэхам. Чорны. // Утвараць гукі, падобныя на выццё. Падвывае матор. Падвывае мяцеліца. □ У коміне пачынаў падвываць вецер. Лобан.
2. Суправаджаць што‑н. выццём. [ванька] не чуў, як сястрычка клікала маці, як плакала, узлезшы на жэрдкі плота, а Мурза жаласна падвываў ёй. Ваданосаў.
падвы́піць, ‑п’ю, ‑п’еш, ‑п’е; зак.
Разм. Крыху, нямнога выпіць спіртнога; стаць, зрабіцца злёгку п’яным. Падвып’юць, ведаеш, мужчыны. Ото гаворка распачнецца! Колас.
падвы́сіць, ‑высіў, ‑высіш, ‑высіць; зак., каго-што.
Разм.
1. Падняць вышэй. Падвысіць флаг. Падвысіць шлагбаум. // Зрабіць больш высокім у параўнанні з якім‑н. узроўнем. Там, у канцы Грыняў, дзе лесапілка, падвысілі плаціну. Пташнікаў.
2. Перавесці на больш высокую пасаду. Падвысіць у званні. □ [Янкавец] звярнуўся да прыстава: — Скажыце, вас напэўна падвысяць па службе? Колас.
3. Павялічыць, надбавіць (пра цэны, нормы і пад.). [Сегень:] — Няхай жа кожны з нас паставіць перад сабою задачу падвысіць на новы месяц норму свайго вырабу. Чорны.
падвы́сь, прысл.
Прыём салюта шабляй або шашкай, калі іх падымаюць вастрыём уверх, трымаючы эфес па ўзроўні падбародка.
падвы́ць, ‑вые.
Зак. да падвываць (у 2 знач.).
падвы́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падвысіць.
падвыша́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да падвышаць.
падвыша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падвысіць.