павыско́кваць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
Разм. Тое, што і павыскакваць.
павыскраба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Выскрабці ўсё, многае, выскрабці што‑н. у многіх месцах. Павыскрабаць кашу з гаршка. Павыскрабаць плямы на сценах.
павыскрэ́бваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Тое, што і павыскрабаць.
павыскуба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Выскубці адно за другім усё, многае. Павыскубаць пер’е. □ Пагнуліся, пакурчыліся бярозы [на шляху].. Многа гадоў ветрам прасвістала па бярэзніку, а кожны гнуў, кожны патузаць хацеў за тонкія зялёныя каснікі. І павыскубалі гэтыя каснікі. Скрыган.
павыску́бваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Тое, што і павыскубаць. Шалёнаю восеньскаю віхураю паўзрывала па хаце шчыт, паразносіла гнілую кастрыцу, павыскубвала салому. Мурашка.
павысма́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Высмаліць усё, многае або што‑н. у многіх месцах. — Што ты нарабіў? — адчытвала Аліса Мікалаеўна Шурку. — Ты ж вочы мог павысмальваць. Шыловіч.
павысмо́ктваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Высмактаць усё, многае. Павысмоктваць сок з апельсінаў. □ [Варановіч:] — Цяляты ўжо ног не цягаюць, [авадні] усю кроў з іх па высмоктвалі. Дуброўскі.
павысо́ўвацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Паказацца адкуль‑н., высунуцца — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Вадзіцелі павысоўваліся з кабін, сям-там выйшлі з машын пасажыры. Лынькоў. З-пад шынялёў, з-пад коўдраў павысоўваліся, паўзнімаліся галовы. Чорны.
павысо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Высунуць, перамясціць на адкрытае месца ўсё, многае. Павысоўваць сталы на сярэдзіну пакоя. □ Не паспеў я дзвярамі рыпнуць, як.. [дзеці], нібы стрыжы, павысоўвалі галовы з-за коміна. Сяркоў.
павыспява́ць, ‑ае; зак.
Разм. Выспець, паспець — пра ўсё, многае. Памідоры павыспявалі.