палюбі́цца, ‑люблюся, ‑любішся, ‑дабіцца; зак.
Разм.
1. Спадабацца каму‑н., прыйсціся да спадобы. [Яўген:] — Мне здаўна палюбіліся атуленыя зелянінай садоў ціхія вёскі Старобіншчыны. Паслядовіч. Зыбін, або, як звычайна яго звалі тады, — Васіль з Тагіла, лясным сябрам палюбіўся. Мележ.
2. Палюбіць адно аднаго. [Іван] дзівіўся, што ў такім воўчым ко[т]лішчы ўрадзілася прыгожая, добрая і ласкавая Гэлька. Потым неўпрыкметку палюбіліся. Грахоўскі.
палюбі́ць, ‑люблю, ‑любіш, ‑любіць; зак., каго-што.
1. Адчуць любоў да асобы другога полу; пакахаць. [Настаўнік:] — Чаму не сказаць.. [Ядвісі], што я так шчыра і моцна палюбіў яе? Колас. [Анісся:] — Любіла яго? Любіла.. Ды і не разбярэш, часам, за што палюбіш чалавека... Лынькоў.
2. Адчуць глыбокую прыязнасць да каго‑, чаго‑н., стаць адданым каму‑, чаму‑н. За тыя некалькі дзён, што пражыў у Саўкі, Язэп прывык да Стракача, нават палюбіў яго. Якімовіч. Нахмураны і сур’ёзны хадзіў Сцёпка каля будынка рабфака. Зжыўся з ім, палюбіў яго. Колас.
3. і з дадан. сказам. Адчуць схільнасць, цягу да чаго‑н.; упадабаць што‑н. Палюбіць жывапіс. □ Паступіў [Ермакоў у артвучылішча] і хутка палюбіў артылерыю. З той пары ён гаварыў, што «бога вайны» не прамяняе ні на што. Мележ. Кожную вольную часіну я пачаў прападаць толькі на рацэ. Я палюбіў начлегі ля Дняпра. Лупсякоў. [Ладынін:] — Будзеш і ты шукаць людзей, а то ты палюбіў, каб толькі цябе шукалі. Шамякін. // Адчуць задавальненне ад сузірання чаго‑н., адчуць замілаванне да чаго‑н. Я горы палюбіў, з якімі Калісьці Лермантаў дружыў. Смагаровіч. Я палюбіў гасцінны горад Вільнюс, Як родны дом, як Мінск, дзе я жыву. Гілевіч.
палюбо́ўнік, ‑а, м.
Мужчына ў адносінах да жанчыны, з якою знаходзіцца ў пазашлюбнай палавой сувязі.
палюбо́ўніца, ‑ы, ж.
Жанчына ў адносінах да мужчыны, з якім знаходзіцца ў пазашлюбнай палавой сувязі.
палюбо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Заснаваны на ўзаемнай згодзе. Палюбоўная здзелка.
2. Любоўны; ласкавы. Сярод гандлёвых гутарак і чыннасцей ішлі палюбоўныя прызнанні. Гартны.
палю́ддзе, ‑я, н.
У старажытнай Русі — збор даніны з княжацкіх васалаў.
палюдне́ць, ‑ее; зак.
Разм. Стаць, зрабіцца больш людным, мнагалюдным. Я тушу святло, акно адчыняю насцеж і, падпёршы рукамі падбародак, гляджу на тратуар, які палюднеў, ажыў. Сачанка.
палюля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Люляць, калыхаць на працягу нейкага часу.
палю́цыя, ‑і, ж.
Спец. Міжвольнае вывяржэнне семені ў мужчын, якое адбываецца ў сне.
[Ад лац. pollutio.]
палю́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўсё спапяляе; спякотны, гарачы. Усё гіне пад палючым індыйскім сонцам. Маўр. // Які дае адчуванне апёку. У лесе буяла мноства злой, палючай лясной крапівы. Мележ.
2. перан. Нясцерпны, пякельны. Палючы боль.